НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «ПАЛІМІ́Р».
Засн. ў 1975 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. на базе Полацкага хім. камбіната (пабудаваны ў 1964—68). З 1968 асвоена вытв-сць этылену і поліэтылену, з 1971 — нітрылу акрылавай кіслаты, з 1972 — валакна нітрону. З 1974 працуе 2-я чарга па вытв-сці поліэтылену. Сыравіна — прадукты нафтаперапрацоўкі. Асн. прадукцыя (1999): поліэтылен, валокны поліакрыланітрыльныя, нітрыл акрылавай кіслаты, ацэтонцыянгідрын, метылакрылат, звадкаваныя вуглевадародныя фракцыі, сульфат амонію, поліэтыленавая эмульсія, суперканцэнтраты пігментаў, палімерныя смолы.
т. 11, с. 100
НАВАПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д БЯЛКО́ВА-ВІТАМІ́ННЫХ КАНЦЭНТРА́ТАЎ.
Дзейнічае з 1978 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. Вырабляў дрожджы кармавыя — бялкова-вітамінныя канцэнтраты — мікрабіялагічнай перапрацоўкай ачышчаных вадкіх парафінаў, атрыманых з нафты. З 1995 на рэканструкцыі.
т. 11, с. 101
НАВАПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д «ВЫМЯРА́ЛЬНІК».
Засн. ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. ў 1976. Выкарыстоўвае высокія вытв. і інфарм. тэхналогіі, у т.л. інтэлектуальныя сістэмы мадэліравання і праектавання. Удзельнічае ў стварэнні міжнар. касм. станцыі, у праграме «Марскі старт», бел.-рас. праграме «Космас-БР» і інш. Асн. прадукцыя (2000): сістэмы тэлеметрыі, тэлекамунікацый і спадарожнікавай навігацыі, прылады сувязі ЗВЧ-дыяпазону, сілавая электроніка для энергазберажэння, вырабы мікраэлектронікі, пячатныя платы, касавыя апараты.
Я.В.Глушко, А.В.Нікіфараў.
т. 11, с. 101
НАВАПО́ЛАЦКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д,
гл. Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан».
т. 11, с. 101
НАВАПО́ЛАЦКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1963 у г. Наваполацк як аддзяленне Полацкага нафтавага тэхнікума. З 1968 нафтавы, з 1987 політэхнічны тэхнікум. Рыхтуе тэхнікаў-механікаў. Спецыяльнасці (1999/ 2000 навуч. г.): тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; машыны і апараты хім. вытв-сцей і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў; электратэхніка; вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; перапрацоўка нафты і газу; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 11, с. 101
НАВАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 37 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Седча. 315 ж., 108 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік на брацкай магіле партызан.
т. 11, с. 101
НАВАПО́ЛЬСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1952 у в. Новае Поле (Мінскі р-н). Рыхтуе правазнаўцаў і бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 11, с. 101
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
т. 11, с. 101
НАВА́РА (Navarra),
аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у паўд. адгор’ях Зах. Пірэнеяў. Пл 10,4 тыс. км2. Нас. каля 550 тыс. чал. (1997). У адм. адносінах утварае прав. Навара. Адм. ц. — г. Памплона. Рэльеф горны (пік Ані, 2504 м). Клімат умераны. За год выпадае 500—1000 мм ападкаў. У гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, агародніну. Вінаградарства і садоўніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць: металург., металаапр., хім., дрэваапр., папяровая, харч., у т.л. цукр. і вінаробчая, гарбарна-абутковая.
т. 11, с. 101
НАВАРО́СІЯ,
гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр. казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал. гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.
т. 11, с. 101