Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,

спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД i СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн. чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс. чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял. гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс. чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав. вайск. часцей (гл. Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Літ.:

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 88

ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл. Лагер).

т. 9, с. 88

ЛАГІ́,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 26 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,24 км2, даўж. 820 м, найб шыр. 360 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км, Пл. вадазбору 11,5 км2 Схілы катлавіны выш. 15—25 м, пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. На 3 упадае ручай з возера без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Ушача.

т. 9, с. 89

ЛА́ГІН Лазар Іосіфавіч

(4.12.1903, г. Віцебск — 16.7.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1925), вучыўся ў Ін-це чырв. прафесуры ў Маскве (1930—33). Працаваў у газ. «Правда», час. «Крокодил». Друкаваўся з 1921. Аўтар аповесці-казкі для дзяцей «Стары Хатабыч» (1938, сцэнарый аднайм. фільма, 1957). У раманах «Патэнт «АВ» (1947), «Востраў расчаравання» (1951), «Атавія Проксіма» (1956; пад назвай «Трагічны астэроід», 1972), «Блакітны чалавек» (1966) арганічна спалучаны фантастыка і рэальнасць. Напісаў ваен. аповесць «Браняносец «Анюта» (1945), сатыр. цыкл «Крыўдных казак» (нап. 1942—63), сатыр. аповесць «Маёр Вэл Энд’ю» (1962) і інш., успаміны пра У.Маякоўскага «Жыццё таму назад» (1974).

Тв.:

Избранное. М., 1975.

т. 9, с. 89

ЛАГІНО́ВІЧ Іосіф Каятанавіч, гл. Корчык Павел.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́СТЫКА

(ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),

1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89

ЛАГІЦЫ́ЗМ,

кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНАЕ І ГІСТАРЫ́ЧНАЕ,

гл. Гістарычнае і лагічнае.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,

вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст. Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.

Літ.:

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;

Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.

Т.І.Адула.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89