Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЛЯЗНЯ́К (Рыгор Самуілавіч) (вер. 1914, г. Віцебск — 1942),

бел. паэт. Скончыў Ленінградскі ун-т (1938). Загінуў пры абароне Ленінграда. У 1931—32 працаваў у рэдакцыі газ. «Віцебскі пралетарый». Друкаваўся з 1931. У вершах славіў працоўны энтузіязм моладзі, поспехі сацыяліст. буд-ва (зб. «Першы вытап», з Б.Люгоўскім, 1933; «Вясновыя будні», 1934). Напісаў кандыдацкую дысертацыю «Паэзія М.А.Багдановіча» (1940).

Тв.:

У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Р.С.Жалязняк.

т. 6, с. 420

ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Анатоль Пятровіч) (н. 5.2.1943, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. празаік. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1968). З 1987 дырэктар Дома літаратара, з 1989 намеснік старшыні СП Беларусі, з 1994 старшыня праўлення Бел. літ. фонду. Друкуецца з 1973. Уздымае маральна-этычныя праблемы жыцця сучасніка (кн. прозы «Пералом», «Чаканне шчасця», «ІДУ з надзеяй», усе 1981, «Горкі хлеб», 1985, п’еса «Людзі ліхалецця», 1997).

т. 6, с. 420

ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Ігар Мікалаевіч) (н. 1.7.1963, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. спартсмен (скарасны бег на каньках). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1984). Засл. майстар спорту (1985), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1994). Чэмпіён свету (1985, 1986, 1989, 1991—93) і ўладальнік Кубка свету 1992—93 у спрынтарскім мнагабор’і, сярэбраны (1994) і бронзавы (1988) прызёр зімовых XVII і XV Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 1000 м, рэкардсмен свету на дыстанцыі 1500 м, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен СССР, пераможца Спартакіяды народаў СССР (1986, на 1000 і 1500 м). З 1996 прэзідэнт Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 420

ЖАМЕ́РЫНЫ,

адходы алейна-экстракцыйнай і цукровай вытв-сці. Атрымліваюць шляхам экстрагавання алею з насення алейных культур або соку з караняплодаў цукр. буракоў. Бываюць Ж. свежыя, сіласаваныя (кіслыя) і сухія (выкарыстоўваюць пераважна на корм с.-г. жывёле). У свежых бурачных Ж. больш за 90% вады, сухое рэчыва ў іх складаецца ў асн. з вугляводаў, у т. л. з цукроў. Сухія Ж. — каштоўны вугляводзісты канцэнтраваны корм, могуць выкарыстоўвацца як кампаненты камбікармоў, кармавых сумесей, а таксама служаць асновай гранул і брыкетаў.

т. 6, с. 420

ЖАМЖУ́РАЎ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 21.11.1956, Мінск),

бел. вучоны ў галіне ядз. тэхнікі і тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1980). З 1980 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы і радыяцыйна-тэхнал. кантролі стану рэактарных установак, тэхналогіі работ з адходамі дэзактывацыі. Распрацаваў комплекс метадаў для радыяцыйна-тэхнал. кантролю і сістэм ранняга прагназавання аварыйных сітуацый у ядз. тэхніцы.

Тв.:

Разработка методов КГО ТВС с матричным топливом и их применение при перегрузке энергетического ядерного реактора (разам з В.А.Лявадным, В.В.Бурносам) // Атомная энергия 1992. Т. 72, вып. 3;

Дезактивационные работы // Последствия Чернобыльской катастрофы в Республике Беларусь. Мн., 1996.

т. 6, с. 420

ЖАМО́ЙТЫ, жэмайты, жмудзь,

гістарычная назва стараж. балцкіх плямён, якія ў 1-м тыс. н.э. пражывалі ў зах. частцы Літвы на З ад р. Дубіса і на Пн ніжняга цячэння Нёмана. У 5—13 ст. засялялі, магчыма, толькі цэнтр Жамойці. На ПнЗ іх суседзямі былі куршы, на З — ламатэны, на ПдЗ — скалвы, на ПнУземгалы. Куршы, скалвы і земгалы паступова зліліся з Ж. Цяпер Ж. — этнагр. група літоўцаў, якія жывуць пераважна на З Літоўскай Рэспублікі, гавораць на жэмайцкім дыялекце літоўскай мовы.

т. 6, с. 420

ЖАМО́ЙЦІН (Алесь) (Аляксандр Пятровіч, н. 17.8.1955, в. Малахоўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1982). Працаваў настаўнікам. З 1988 дырэктар Літ. музея Ф.Багушэвіча ў в. Кушляны Смаргонскага р-на. Друкуецца з 1981. Асн. тэматыка вершаў — гіст. мінулае Беларусі, думкі і пачуцці сучасніка (зб. «Азірнуўшыся — не скамянею», 1989). Даследуе бел. культуру 19 ст. Аўтар артыкулаў пра К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Карловіча, філас.-публіцыстычных эсэ.

т. 6, с. 420

ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,

гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст. вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ. Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.

т. 6, с. 421

ЖАМЧУГО́ВА (сапр. Кавалёва) Праскоўя Іванаўна

(31.7.1768, в. Беразіно Яраслаўскай вобл., Расія — 7.3.1803),

руская актрыса, спявачка (сапрана). Прыгонная графа Н.П.Шарамецева, у 1798 атрымала вольную, у 1801 стала яго жонкай. Спевам вучылася ў Л.Сандуновай. У 1779—97 выступала ў шарамецеўскім т-ры. Валодала моцным гнуткім голасам прыгожага цёплага тэмбру і вял. дыяпазону, драм. талентам. У яе рэпертуары (каля 50 роляў) найб. вылучаліся партыі трагедыйнага плана: Эліяна, Люсіль («Самніцкія шлюбы», «Люсіль» А.Грэтры), Луіза, Аліна («Дэзерцір», «Аліна, каралева Галкондская» П.А.Мансіньі), Зелміра («Узяцце Ізмаіла» В.Казлоўскага) і інш.

Літ.:

Маринчик П.Ф. Недопетая песня: Необычайная жизнь П.И.Жемчуговой. Л.;

М., 1965.

т. 6, с. 421

ЖАМЧУ́ЖНАЯ,

рака на ПдУ Кітая, гл. Сіцзян.

т. 6, с. 421