ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст. вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ. Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
т. 6, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)