ДАВЫ́ДАЎ Дзяніс Васілевіч
(27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Тв.:
Военные записки. М., 1982;
Избранное. М., 1984;
Стихотворения. Л., 1984.
Літ.:
Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ,
Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Уладзімір Мікалаевіч
(сапр. Гарэлаў Іван Мікалаевіч; 19.1.1849, г. Наваміргарад, Украіна — 23.6.1925),
расійскі акцёр і педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1867 іграў у правінцыі. У 1880—1924 акцёр Александрынскага т-ра (Пецярбург), адначасова з 1883 выкладаў у тэатр. вучылішчы. Арганічнае пачуццё жыццёвай праўды, віртуознае валоданне тэхнікай пераўвасаблення, майстэрствам сцэн. мовы, міміка дазвалялі яму з поспехам выступаць у вадэвілях, камедыях, драмах: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мошкін («Халасцяк» І.Тургенева), Гараднічы, Падкалесін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Іванаў, Чабутыкін («Іванаў», «Тры сястры» А.Чэхава).
Тв.:
Рассказ о прошлом. Л.; М., 1962.
Літ.:
Брянский А. В.Н.Давыдов, 1849 — 1925: Жизнь и творчество. Л.; М., 1939.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Юрый Пятровіч
(н. 14.6.1932, в. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. хімік. Д-р хім. н. (1980), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1955). З 1969 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні стану радыенуклідаў у растворах. Прапанаваў шэраг тэхнал. метадаў вылучэння радыенуклідаў з раствораў.
Тв.:
Состояние радионуклидов в растворах. Мн., 1978.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Юрый Уладзіміравіч
(н. 20.11.1924, Масква),
рускі пісьменнік. Аўтар аповесцей «У марах і вандроўках» (1949, пра ліцэйскага сябра А.С.Пушкіна рус. мараплаўца Ф.Ф.Мацюшкіна), «Паўднёвы Крыж» (1957, пра капітана О.Я.Кацэбу), гіст. аповесцей пра нарадавольцаў «Сакавік» (1959) і «Глухая пара лістапада» (кн. 1—2, 1968—70), рамана пра Г.А.Лапаціна «Саламяная вартоўня» («Дзве вязкі пісьмаў», 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987) і інш.
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1996.
т. 5, с. 567
ДАВЫ́ДАЎКА,
вёска ў Гомельскім р-не, каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПдЗ ад Гомеля. 1312 ж., 329 двароў (1997). Лясніцтва. Разлікова-каап. прадпрыемства. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
т. 5, с. 567
ДАВЫ́ДАЎКА,
вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Светлагорска, 135 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 103 ж., 60 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Давыдаўскае радовішча каменнай солі і Давыдаўскае радовішча нафты.
т. 5, с. 567
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 567
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 567
ДАВЫДЗЕ́НКА Леанід Мікалаевіч
(н. 14.8.1941, в. Залатаміно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эканам. тэорыі. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972) і працуе ў ім. Даследуе тэарэт. праблемы аграрна-прамысл. кааперацыі, дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін, грамадскага падзелу працы ў АПК. Аўтар падручнікаў для ВНУ па асновах эканам. тэорыі, мікра- і макраэканомікі і інш.
Тв.:
Социально-экономическая эффективность аграрно-промышленного кооперирования. Мн., 1977;
Основы экономической теории. Мн., 1991 (у сааўт.);
Государственное регулирование социально-экономических отношений. Мн., 1996 (у сааўт.).
т. 5, с. 569