Казі́нае масла ’расліна сон-трава, Pulsatilla patens’ (маг., Кіс.). Фіксацыя адзінкавая, і можна меркаваць, што запіс памылковы. Аднак у дакладнасці назвы можна не сумнявацца: слоўнік Аненкава, дзе слова зафіксавана, вядомы як вельмі надзейная крыніца, лексемы казіны і масла сустракаюцца ў назвах раслін у розных славянскіх мовах, дз < ?, акрамя таго, адзначаюцца і структуры, адэкватныя беларускай, параўн. серб.-харв.kozji loj, чэш.дыял.zajęci masło і інш. Паўдн.-слав. назва расліны Lonicera дастаткова празрыстая этымалагічнаў адрозненне ад чэш. і бел. назваў і таму далей не разглядаецца. У нашым выпадку цяжка вырашыць, ці падобна разглядаемая канструкцыя да такога тыпу батанічных тэрмінаў, як казіная барада (назва паводле падабенства рэалій), ці тут прыметнік указвае на немагчымасць выкарыстання расліны чалавекам (назва тыпу мышыны гарошак). Па гэтай прычыне мэтазгодна пачаць аналіз з другой часткі выразу. Яе фармальная сувязь са словам масла відавочная, аднак матывацыя можа быць рознай — абазначэнне па функцыі або па характэрнай прымеце расліны. У батанічным апісанні Pulsatilla як быццам »яма інфармацыі аб наяўнасці вялікай колькасці алею ў гэтай расліне або аб масляністым пакрыцці лісцяў. Таму неабходна прааналізаваць магчымасць утварэння назвы па функцыі. Калі дапусціць, што казінае масла (жывёльны прадукт) лічыцца народным лекавым сродкам, як тлушч некаторых жывёлін, не выключана, што расліна з аналагічным да масла (мазі) вонкавым дзеяннем была названа казінае масла. Адсутнасць інфармацыі адносна лекавых уласцівасцей масла з казінага малака вымушае лічыць такое тлумачэнне вельмі гіпатэтычным; больш таго, прыведзены вышэй чэшскі выраз zaječi masło для Carlina acaulis пематываваны і пярэчыць гэтай версіі. Вельмі падобныя да беларускай, аднак яшчэ больш пематываваныя назвы сустракаюцца ў іншых слав. мовах, напрыклад укр.вороняче масло ’Polygonatum officinale’. Як назва купены выраз сапраўды нематываваны. Ва ўкр. мове вядомы назвы для Sedum, якія абазначаюць расліну па знешніх прыкметах. Істотнымі з’яўляюцца тэрміны масне зілля, тучне зілє — яны характарызуюць хутчэй за ўсё воскападобны вонкавы слой на сукулептным лісце і таму матываваныя. Новыя назвы таксама маглі скрыжоўвацца або асэнсоўвацца на ўзроўні народнай этымалогіі, пра што сведчыць укр.дідове сало ’Sedum’. Акрэслены вельмі схематычна працэс мог адбывацца ў зоне кантактуючых гаворак і аб прамежкавых ступенях утварэння гібрыдных тэрмінаў можна толькі здагадвацца. Час і месца іх утварэння вызначыць цяжка (акрамя ўкр.), зафіксаваны ст.-польск.wronie masło, славац.vranie sadło ’Sedum’. Магчыма, гэта даволі старыя абазначэнні Sedum telephium, аб чым сведчыць і фрагментарны характар фіксацыя, аднак запісы зроблены ў кантактуючых арэалах, што не выключае позняга распаўсюджання некалькіх структур з адной кампактнай зоны са спрыяльнымі ўмовамі для ўзаемаўплыву тэрмінаў і іх субстытуцыі. З цягам часу матывацыя пекаторых з іх магла зацямняцца, што дазваляла пераносіць іх як нейтральныя назвы ’Sedum’ на іншыя расліны. Sedum telephium — лекавая расліна, якая ўжываецца ў народнай медыцыне. Можна дапусціць, што назвы гэтай расліны пераносілі на іншыя кветкі з аднатыповымі лекавымі ўласцівасцямі. Такі перанос — з’ява, шырокавядомая ў гаворках. Таму можна меркаваць, што ўкр. назва вороняче масло для ’Polygonatum’ перанесена з ’Sedum’ паводле функцыянальнага падабенства: у спектры лекавага выкарыстання раслін есць агульныя моманты. Тое ж датычыць чэш.zajęci masło для ўрочніка Carlina acaulis. Урочнік — вядомая лекавая расліна, яе корань змяшчае дубільныя рэчывы, смолы, эфірнае масла, якое валодае добрымі бактэрыцыднымі уласцівасцямі. Функцыянальнае падабенства з Sedum відавочнае, блізкасць тэрміна да гібрыдных назваў Sedum сумненняў не выклікае, больш таго, дапаўняе акрэслены вышэй працэс іх утварэння. Думаецца, бел.казінае масла перанесена з расліны Sedum. Функцыянальнае падабенства для сон-травы адзначаюць такія лекавыя уласцівасці, як бактэрыцыдныя і фунгіцыдныя. Кампанент казінае можна разглядаць як яшчэ адзін стандартны субстытут заанімічнай часткі структуры (параўн. рус.овечий у назве овечий горох для Astragalus). Адпак перанос назвы ў даным выпадку хутчэй за ўсё быў спецыфічны. Можна сцвярджаць, што субстытуцыя першага кампанента была заканамернай: неабходна лічыцца з фактам пэўнай замацаванасці заоніма каза за раслінай сон-трава, параўн. ням.дыял. Bockskraut, які абазначае адзін з відаў Pulsatilla. Падрабязней гл. Лабко, БЛ., 26, 70–74.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пусты́, ‑ая, ‑ое.
1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе.Чорны.Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі.Лынькоў.// Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы.Шамякін.К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй.Ермаловіч.// Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі.Скрыган.Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска.Кудраўцаў.// Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю.Дуброўскі.// Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое.Чыгрынаў.// Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты.Прыказка.// Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная.Чарнышэвіч.
2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.
3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся.Ракітны.На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта.Мележ.
4.перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго.Чорны.Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя.Бядуля.Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу.Шахавец.
5.перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя.Карпаў.Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём.Куляшоў.// Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам.Шахавец.Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні.Колас.
6.перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам.Лупсякоў.
7.узнач.наз.пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць.Машара.[Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах.Ракітны.
•••
Затычка ад пустой бочкігл. затычка.
Біцца за пусты мехгл. біцца.
З пустымі рукамігл. рука.
Пераліваць з пустога ў парожняегл. пераліваць.
Пустая гаворкагл. гаворка.
Пустое месцагл. месца.
Пусты кашалёкгл. кашалёк.
Пустыя кішэніукагогл. кішэнь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ва́дзіць2 ’прыцягваць’ (Гарэц.); ’шанцаваць, мець карысць’ (КЭС). Рус.повадка, ва́да ’звычка’, ва́дить, важивать ’вабіць, прынаджваць, прыкормліваць’, повадиться ’займець звычку’, балг.ва́дя ’атрымліваць’, серб.-харв.на́вада ’звычка’, на̀вадити ’прывучаць’, славен.vaditi ’прывучаць’, ст.-слав.навада ’прывучэнне’. Прасл.*vaditi < *vada, якое Праабражэнскі (1, 63) суадносіць з санскр.svdhhā́ ’звычка, звычай, навык’, адасабляючы ад рус.ва́да ’сварка’, ва́дзіць ’маніць, гаварыць няпраўду’. Магчымасць пераходу ’сварыцца’ > ’прынаджваць, прывучаць’ дапускае Фасмер (1, 266). Гл. яшчэ Скок, 3, 558; Варбот, Этимология, 1963, 213–216; Даруля, SR, 1968, 217–223.
Вадзі́ць1. Прасл.*voditi — ітэратыў да весці (гл.).
Вадзі́ць2 ’шукаць у схованках’ (КСТ). Утворана лексіка-семантычным спосабам ад вадзі́ць/ве́сці. Параўн. рус.водить ’у дзіцячых і спартыўных гульнях выконваць галоўную ролю адпаведна з правіламі’; ’канаводзіць’, балг.водя ’кіраваць’, серб.-харв.он води ’ён уперадзе’. Праабражэнскі (1, 100) указвае на рус.ва́ди́ть, якое ўжываецца ў гульнях у адносінах да таго, хто прайграў і абавязаны, напрыклад, падаваць шар, мячык. Можна меркаваць, што ў рус.ва́ди́ть «аб’яднаны» розныя дзеясловы: води́ть і ва́дить. Даль (1, 160) адзначыў, маючы на ўвазе гэта значэнне: «здаецца, гэта будзе води́ть, а не ва́дить». Параўн., аднак, ва́дзіць ’ставіць цурку пры гульні ў клёк’ (Сцяц.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́да1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел.вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус.уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус.оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав.оудъ ’частка цела’, польск.ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац.úd ’частка цела’, балг.уд, серб.-харв.у̑д, славен.у́д ’тс’. Прасл.udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е.*au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е.*dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус.у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск.udo ’частка нагі ад бядра да калена’.
Ву́да2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус.уда́, у́дочка, укр.ву́дка, ст.-рус.оуда, ц.-слав.ѫда, ѫдица, балг.въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв.у̏дица, славен.ȯdica, чэш.udice, польск.węda, wędka, в.-луж.wuda, н.-луж.h́uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат.uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ.iñdas ’сасуд’, славен.nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд.aṅkáḥ ’гак’, грэч.ὄγκος ’тс’, лат.uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр.вертеп ’пячора’; батлейка, зах.верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус.перм., смал., калуж.верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск.вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус.вертебя ’карставы яр’, тул.вертебинище ’яр’, ст.-рус.вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск.wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск.werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен.vrtèp ’пячора’, макед., балг.варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг.върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав.врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a)Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е.*u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е.*upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг.вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв.ва̀па ’выпарэнне’, ст.-слав.вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел.трутень ‘пчаліны самец’. Укр.тру́тень, трут, рус.тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск.truteń, старое trucień, таксама дыял.trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск.trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш.trǫd і tron , н.-луж.tšut, в.-луж.truta, чэш.trubec, ст.-чэш.trúp, мар.trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац.trúd, otrôt і trubec, славен.trôt, харв.trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб.тру̂т, макед.трут ‘труцень’, балг.тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав.троуть ‘аса, чмель’. Прасл.*trǫtъ (дыял.*trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ.trãnas, лат.trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням.treno, с.-в.-ням.trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ.drone, ням.Drohne ‘труцень’, гоц.drunjus ‘гук’, ст.-грэч.υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *dhren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ.trãnas, лат.trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням.drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ.trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес.тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казі́ная барада1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.
Каз́іная барада2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус.козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр.козляк, рус.дыял.козлик (для Valeriana celtica), польск.kozłek, ст.-польск.kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш.мар.kozelec і чэш., ст.-чэш.kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус.козелок, козельцовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр.смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел.казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozьl- на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв.kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калаку́н ’звон’ (мазыр., Шатал.), колокор ’бразготкі’ (петрык., Шатал.), сюды ж рус.колокольчик, колокольчики, колокуньчики (Бейл.) ’расліны Campanula persicifolia і Pulsatilla pratensis’. Бел. лексемы, відавочна, аднаго паходжання, паколькі адзначаны на параўнальна кампактнай ц.-палес. тэрыторыі. Па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю нельга меркаваць аб пранікненні лексемы з рус. гаворак і, відаць, з укр. (параўн. геагр. па крыніцах у Грынчэнкі). Як на блізкую тэрытарыяльна можна ўказаць усх.-палес. (Оўруцкі р‑н) калаколо ’загваздка’, аднак фармальнае супадзенне з асновай колокол ’звон’ яшчэ не сведчыць пра генетычную тоеснасцьз ёй усх.-палес. лексемы. Для бел. слова нельга ў прынцыпе выключыць паходжання з рус. гаворак (магчымы старыя міграцыі насельніцтва), аднак »яма пярэчанняў супраць таго, каб лічыць гэта слова архаізмам. У слав. мовах лексема прадстаўлена даволі слаба: укр.зах.колокіл, колокілок. колокіўця ’прыстасаванне ў кроснах з кольцамі, праз якое праходзіць нітка да иічанак’ (прыклад не вельмі надзейны, паколькі другое к тут можа паходзіць з ‑г‑), букав. калакончык, подоконник (у назвах кветак), рус.колокол таксама ў розных значэннях і формах нядрэнна прадстаўлены ў гаворках, ёсць з падобнай да бел. трансфармацыяй — разан.колкай; далей у слав. мовах: палаб.kluoküʼöl, балг.клаколна (клъколна ў старым запісу), ц.-слав.клакол. параўнальна позняе па часе фіксацыі. Не вельмі ясным уяўляецца статус балг. прыклада, паколькі ў таго ж аўтара сустракаецца і лексема клакотна (клъкотна), адносна якой БЕР (2, 414) мяркуе, што тут не выключана магчымасць друкарскай памылкі: ‑г‑ на месцы ‑н‑ як у клаколна. Аднак так жа можна разглядаць і параўноўваючы з балг.клокот і інш. формамі, для якіх некаторая трансфармацыя структуры з’яўляецца натуральнай і адзначана ў гаворках. Слав. лексемы дазваляюць рэканструяваць праформу kolkolъ, якая па ўтварэнню параўноўваецца ў БЕР, 2, 414, з прасл.golgolъ — і тут, і ў першым слове рэдуплікацыя асновы. Адпаведнікі да слав. лексемы літ.kan̄kalas (< *kalkalas), ст.-інд.kalakala ’бязладныя крыкі, шум’, а з паралелей без рэдуплікацыі звычайна прыводзяцца лак. саіаге ’склікаць, выткаць’, ст.-в.-ням.hellan ’гучаць’. З другога боку, паколькі насавы зычны літ. слова kankalas можа быць першасным, яго параўноўваюць са ст.-інд.kankanas, kankanam, kankani ’абруч, кольцападобнае ўпрыгожанне’ і з літ.kanklys і інш. ’гуслі’, гл. Фасмер, 2, 294, дзе літ-pa. У бел. лексемах у выніку дысіміляцыі адбылася замена зычнага (дыстантиая дысіміляцыя л–л, л–р і л–н), падобныя трансфармацыі і ў інш. слав. мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.