Како́шнік 1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.
◎ Како́шнік 2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік стары — бел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.