Пас1, па́сак, па́сок, па́сік, па́сачак ’тканы пояс’, ’шнурок, папруга, рэмень’, ’стужка, пісяг’, ’пояс жанчыны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Шпіл., Сцяшк., Тарн., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; КЭС, лаг.; ТС), ’доўгі, вузкі кавалак тканіны, скуры’ (ТСБМ), ’кавалак сала прадаўгаватай формы’ (пух., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’прыстасаванне для прывядзення ў рух машыны ці механізма’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.), ’шнур у калаўроце’ (карэліц., Шатал.), ’доўгая чарада звязаных паміж сабою плытоў лесу’ (Маслен., Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС), ’узоры на тканіне ў палосы’ (Сл. ПЗБ), па́ска, па́сачка ’паласа (паперы); палоска на тканіне’ (Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Сцяшк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), пася́ты, паса́сты, пасася́чы ’паласаты’ (Сл. ПЗБ, Клім.); ст.-бел. пасъ ’рэмень’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. pas ’тс’ (Кюнэ, 86; Булыка, Лекс. запазыч., 110). Сюды ж паса́цца ’падпяразвацца’ (Нас.). Гл. таксама пояс.

Пас2 — ’вокліч аб адмове ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт’, ’няма сіл, магчымасцей’, пасава́ць ’здавацца’ (ТСБМ). З польск. pas, pasować ’тс’ (або другі раз праз рус. пас, пасовать ’тс’), якія з франц. (je) passe ’я ўстрымліваюся, пасую’ (Праабражэнскі, 2, 26; Варш. сл., 4, 72).

Пас3 ’перадача мяча, шайбы і да таго пад. у спартыўнай гульні’, пасо́ўка, пасава́ць ’перадаваць мяч, шайбу’ (ТСБМ). Праз рус. мову з англ. pass ’перадаваць’, якое з лац. passus ’крок, рух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапёлка ’палявая птушка сямейства фазанавых. Cotumux eoturnux’ (ТСБМ; в.-дзв., лудз., паст., Сл. ПЗБ), перапялща, пэ‑ рэпэліца, пэрэпэлиця ’тс’ (Дразд., Бес.), перэпеліца, перэпʼёпка ’тс’ (ТС). Укр. перепел, перепела, перепеліщя, рус. перепел, перепёлка, перепелу́шка, перепелица, польск. przepiórka, przepiorą, przepiorzyca, przepiehteha, чэш. krepelka, славац. prepelica, prepilka, славен. prepelíca, krepelíca, серб.-харв. prȅpelica, прѐпелица, prepelka, істр. prpełica, балг. дыял. преперица, препелица. У якасці зыходнага прымаецца *pelepelъ, паводле Бузука (Асн. пыт., 49), у выніку распадабнення зычных > *perepelъ; паводле Трубачова (Этимология–1968, 62) — *pelpelъka, *pelpelica, анаматапеічнае ўтварэнне паводле спеву птушкі альбо шуму пры ўзлёце (Шанскі-Баброва, 230): *per‑pelь (Махэк₂, 299–300), *per‑per‑a (Лось, РФВ, 23, 59; Міклашыч, 243; Банькоўскі, 2, 888), pel‑pelъ (Бранд., РФВ, 23, 296; Фасмер, 3, 238–239). Некаторыя слав. словы збліжаюцца са ст.-прус. penpalo ’перапёлка’, літ. píepala, pùtpelė, лат. paîpala ’тс’, ці з лац. pāpilio ’матылёк’, ст.-прус. pippalins ’птушкі’, ст.-в.-ням. wahtala > суч. ням. Wachtel, quatiula > ням. дыял. Quatiel ’перапёлка’. Сюды ж абрадавае перапёлка ’хлеб, які пакідалі пад звязаным пуком жыта ў канцы дажынак’ (в.-дзв., беласт., Сл. ПЗБ; кам., ЖНС), а таксама зах.-палес. пырыпілка ’матылёк’ (ЛА, 1; Сл. Брэс.). Аналагічна польск. przepiórka ’пук жыта, сплецены ў тры касы і пакінуты па полі пасля жніва для перапёлкі’; ’заканчэнне жніва’. Гл. таксама перачніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ла1 (ж. р.) ’голае месца’ (БРС), ’прастора між лесу’ (Сцяшк. МГ), ’лапіна’ (Шатал.), га́ла (н. р.) ’балотная сенажаць, чыстая ад зарасніку’ (Шат.), гал ’прагаліна ў лесе’ (Бяльк., Яшкін). Слова гэта вядома галоўным чынам ва ўсх.-слав. мовах (перш за ўсё на Палессі) і часткова ў зах.-слав.

Га́ла2 ’круглы ком, шар (скручаны)’ (БРС), га́лка ’невялікая гала’ (Нас.). Паводле Бернекера (1, 301) і Фасмера (1, 388), этымалагічна звязаны рус. га́лка ’шкляная гала’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’галка, невялікая гала, вярхушка вежы’, польск. gałka ’гала, булавешка і г. д.’, gały ’вочы’. Але, як мяркуе Фасмер (там жа), вывядзенне гэтай групы слоў з позняга с.-в.-ням. galle (< лац.) няпэўнае (насуперак Міклашычу, 50; Бернекеру, 1, 292; Праабражэнскаму, 1, 117 і інш.) і, прынамсі, частка гэтых слоў, магчыма, спрадвечна славянскага паходжання (так Ільінскі, RS, 6, 217; Патабня, РФВ, 3, 163). Гл. яшчэ меркаванні Слаўскага (253), які таксама бачыць тут славянскае ўтварэнне (магчыма, да *golъ ’голы’; тлумачэнне семантыкі ў Слаўскага). Магчыма, сюды і га́лы ’ягадзіцы’ (Нас.), хоць не выключаецца і сувязь гэтага слова з *golъ ’голы’. Для бел. слова крыніцай, відаць, з’яўляецца польск. gałka. Аб гэтым сведчыць ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ (слова вядома ў помніках XVI ст.). Гл. Булыка, Запазыч., 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́та ’вязанка, цюк’, ’сноп бобу, льну’, ’мажная тоўстая жанчына’ (Сл. паўн.-зах., Мат. АС, Нар. лекс., КЭС, лаг., Сцяшк.). Параўн. кіціца (гл.). Укр. кита ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’, рус. кита ’сцябло’, балг. китка ’букет, вязка’, серб.-харв. кита ’галінка, пучок, вязка’, китка ’жаночы галаўны ўбор’, славен. kita ’каса (валасоў), вязка, пучок’, польск. kita ’султан на шлеме, пучок, вязка’, чэш. kytice, kytka ’букет, вязка’, славац. kyta ’вязка’, kitka ’гронка’, в.-луж. kita ’гронка, пучок’. Прасл. kyta не мае верагоднага этымалагічнага тлумачэння. Зусім умоўны характар мае версія аб kyta < *kūpta (сюды ж чуб) (Бернекер, 1, 679). З прасл. kystь (гл. кісць) таксама нельга выводзіць kyta, бо kystь (kyt‑tь) вытворнае ад kyta. Існуе, аднак, іншая магчымасць тлумачэння, на якую звярнуў увагу Праабражэнскі (1, 310), параўнаўшы kyta з kyką: ст.-слав. кыка ’валасы на галаве’, балг. кика ’каса (валасоў)’ (параўн. славен. kita, kitica ў тым жа значэнні), серб.-харв. кика ’тс’, кичица ’чубок’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’ (параўн. серб.-харв. китка ў тым жа значэнні), бел. кічка (гл.) ’гронка’. Параўн. укр. кита ў тым жа значэнні. Дублет kyta/kyką мы тлумачым змяшэннем k’ і t’ у праславянскай мове. Яно на карысць таму прасл. kyka разглядаецца як першаснае. Яно мае надзейную этымалогію ў адрозненне ад kyta (Мартынаў, Слав. акком., 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапата́ць1, лопота́ць ’удараць па паверхні чаго небудзь, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі’ (ТСБМ), ’біць па лісці, кары, па акне (аб дажджы)’ (КЭС, лаг.), ’нязвязна хутка гаварыць, расказваць’ (ТСБМ; міёр., Нар. лекс., КЭС, лаг.), ’гаварыць, размаўляць’ (Сл. паўн.-зах.), ’гаварыць на замежнай мове’ (ТСБМ), ’балбатаць, малоць глупства, барабаніць языком, гаварыць многа аб нязначным, пустым і без сэнсу’, ’крычаць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Шат., Нас.; докш., Янк. Мат., ТС, Сл. паўн.-зах.), ’узводзіць паклёп’ (Нас.), пух. ’грукатаць’, шальч. лапатацца ’абгаворваць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лопота́ти, рус. лопота́ть, польск. łopotać, славен. lopotáti, серб.-харв. лопо̀тати, ст.-слав. лопотивъ ’гугнявы’, ’балбатлівы’. Прасл. lopotati ’выдаваць гук пры ўдары, балбатлівую гаворку’, ’шумець’. З’яўляецца інтэнсівам з суф. ‑otati ад lopati > лопаць (гл.), утворанага ад гукапераймання lop! (Бернекер, 1, 732; Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). З іншым вакалізмам — ле́пет (Аткупшчыкоў, Из истории, 95). Сюды ж: лапатанне ’балбатанне, паклёп’ (Нас.), стаўб. лапатаньё ’тс’ (Нар. словатв.), лапата́ннік ’балбатун’, лапатня́ ’балбатня’ (трак., Сл. паўн.-зах., Юрч. Вытв.), лапатлівы ’балбатлівы’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), лапату́н ’балбатун, які шмат і без сэнсу хутка гаворыць’ (КЭС, лаг., Касп., Шат., Жд. 2, Нар. лекс., З нар. сл.), перан. лапатушка ’трактар’ (Мат. Гом.).

Лапата́ць2 ’скубсці траву, дрэнна касіць (пра няякасна адкляпаную касу)’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Утворана ад лопат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Завод1 ’прамысловае прадпрыемства’. Рус., укр. заво́д, чэш., славац. závod, в.-луж. zawod, балг. заво́д (< рус.), макед. завод ’тс’, ’установа’, серб.-харв., славен. závod ’установа’, ’інстытут, выхаваўчая арганізацыя’, чэш. závod ’інстытут’, бел., рус., укр. заво́д ’гаспадарка па развядзенню жывёлы’. У іншых слав. мовах вядомы яшчэ некаторыя значэнні лексемы: польск. zawód ’прафесія’, ’абман’ (і ў славен.), ’спаборніцтва’ (і ў славац.), ’пары’ (н.-луж.), ’уводзіны’ (в.-луж.), ’запіс, увядзенне’ (серб.-харв.), ’частка лесу’ (славен.), ’звычай’ (рус., укр., чэш.) і інш. Параўн. і завод2. Прасл. zavodъ (Копечны, Zákl. zásoba, 424), відаць, азначала ’тое, што заведзена’ і ўтворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zaved + ti. Шляхам семантычнай спецыялізацыі замацоўваюцца розныя значэнні. Магчыма, што рус. значэнне ’прамысловае прадпрыемства’ (з пачатку XVII ст.) аказала ўздзеянне на іншыя мовы, але не выключана і паралельнае развіццё. Шанскі, 2, З, 19; БЕР, 1, 567. Пра завод ’звычай’ гл. Бернар, Зб. Раманскаму, 356.

Заво́д2 ’прыстасаванне ў механізме, што прыводзіць яго ў дзеянне’, ’тэрмін яго дзеяння’. Рус., укр. заво́д ’тс’; ці сюды славен. závod ’частка вадзянога млына, у якую паступае вада’? Як і завод1, замацаванне асобных значэнняў лексемы, у тым ліку вядомых ст.-рус., прычым для бел., як і для завод1, не выключаны рус. уплыў на гэта замацаванне. Зыходнае значэнне ў адрозненне ад завод1 ’тое, што прыводзіць у дзеянне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępati ‘хістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)