Піла́, пі́лка ’стальная пласціна або дыск з зубамі для разразання’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Сл. ПЗБ. Бяльк., ТС); ’сварлівы чалавек, сварлівая жонка’ (ТСБМ, Нас.), ’настойлівы’, пілкі ’які мае уласцівасць да пілавання’ (Нас.). Укр. пила́, рус. пила́ ’піла’, пи́лка, пилочка ’напільнік’, польск. piła ’тс’, старое pieła ’тартак’, чэш. pila ’піла’, ’тартак’, ст.-чэш. pila ’піла’, ’напільнік’, славац. pila ’піла’, ’тартак’, славен. píla ’напільнік’, рэз’ян. ’хрыбетны’, нотранск. ’піла’, серб.-харв. пи́ла ’піла’, ’напільнік’, макед. пила ’піла’, пилана ’напільнік’, балг. пила ’піла’, ст.-слав. пила ’тс’. Прасл. *pila ’піла, напільнік’, роднаснае герм. *fila (ст.-в.-ням. fihala, fîla, ст.-в.-ням. vîle, ст.-англ. fil, англ. file), літ. peĩlis, лат. peilis ’нож’ (Махэк₂, 449), а таксама ст.-прус. peile ’тс’ (Траўтман, 210; Мюленбах-Эндзелін, 3, 192). Міклашыч (246), Кіпарскі (Gemeinslav., 257), Брукнер (414), Фасмер (3. 261), Бязлай (3, 36) гавораць пра запазычанне прасл. *pila з прагерм. fila, роднаснага ст.-грэч. πείκω ’чашу, стрыгу, драпаю’, πικρός ’востры’, ст.-інд. pim̊çati ’вырубвае’. Наяўнасць у прасл. *pila двух значэнняў тлумачыцца тым, што старажытныя пілы былі таўсцейшымі ў аснове, з больш вузкім палатном, карацейшымі, — нечым сярэднім паміж пілой і напільнікам. Сюды ж пілава́ць ’рэзаць пілою’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’папракаць, мучыць’ (Шат.), піластаў ’настройшчык піл’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)