ядна́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. яднаць і яднацца.
2. Адзінства, згуртаванасць. Нас дружба народаў навекі злучыла; У нашым яднанні мы — грозная сіла, — Няма для яе перашкод! Колас. Блок камуністаў і беспартыйных.. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае. «Звязда».
ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.
2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.
3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.
4. Зал. да яднаць.
ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.
2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.
3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.
4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.