яда́, ‑ы, ДМ ядзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. есці.
2. Тое, што ядуць і п’юць; ежа. Застаўляе [пан] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. Хлеб ды вада — маладзецкая яда. Прыказка.
ядаві́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць ядавітага. Ядавітасць мухамора. Ядавітасць насмешкі.
ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.
2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.
3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.
ядазу́б, ‑а, м.
Ядавітая яшчарка, што водзіцца ў стэпах і пустынях Паўночнай Амерыкі.
яда́льня, ‑і, ж.
Уст. Сталоўка, сталовая. — Я ж есці хачу, да ядальні іду... Гарэцкі.
ядано́сны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе ядавітае рэчыва. Яданосныя расліны. Яданосны зуб змяі.
ядахіміка́т, ‑у, М ‑каце, м.
Хімічны прэпарат, які прымяняецца для барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Апрацоўка пасеваў ядахімікатамі.