срэ́бны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сярэбраны. Раскідзістая ігруша-дзічка стаяла ў пышным уборы срэбнага інею. Лынькоў. У чалавека былі густыя валасы на галаве, сівізна іх толькі кранула дзе-нідзе срэбнымі ніткамі. Чорны. / у паэт. ужыв. Як сцежка срэбная, бяжыць-гудзе паток. Грамыка.
срэ́бра, ‑а, м.
1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.
2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.
3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.
4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.
•••
Жывое срэбра — ртуць.
срэбра...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «срэбра», «сярэбраны», напрыклад: срэбралісты, срэбралюбства, срэбрападобны.
срэбракры́лы, ‑ая, ‑ае.
З блішчастымі, колеру срэбра крыламі. Срэбракрылы самалёт. □ Чмелік срэбракрылы змоўк і сціх. Шушкевіч.
срэбралі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае серабрыстае лісце. Срэбралістыя таполі ўзносяць свае вяршыні горда да нябёс. Ліхадзіеўскі.
срэбралі́тны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Светлы, як срэбра, нібы выліты са срэбра. І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? Тут хвалі светлы, срэбралітны, А беражкі — ну, аксамітны. Колас.
срэбралю́б, ‑а, м.
Уст. Чалавек, які вызначаецца срэбралюбствам, карысталюбівец.
срэбралюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які вызначаецца срэбралюбствам; прагны да грошай.
срэбралю́бства, ‑а, н.
Уст. Прагнасць да грошай; карысталюбства.