лютава́ць, ‑тую, ‑туеш; ‑туе; незак.
1. Праяўляць лютасць, жорсткасць у дзеяннях, учынках. Дзед хварэў, бабка баялася нават выходзіць з дому: так лютавалі ў вёсцы гітлераўцы. Васілевіч.
2. Праяўляцца з вельмі вялікай сілай (пра мароз, завіруху і пад.). Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі. Шамякін. Лютаваў вецер у начной цемры і сек па тварах дробным халодным дажджом. Дуброўскі.
лю́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лютага 1. Больш за два тыдні ішлі бесперапынныя, нечуванай лютасці баі. Кулакоўскі. Здавалася, што зіма ўсе свае апошнія сілы, усю сваю лютасць кінула на гэты невялікі пасёлак. Бяганская.
2. Люты; раз’юшаны, гнеўны стан. З лесу паказалася некалькі адзінокіх аленяў. З’яўленне іх выклікала ў сямейнага аленя прыступ лютасці і гневу. В. Вольскі.
лю́таўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лютага 2, уласцівы яму. Лютаўскі дзень. Лютаўская завіруха. □ Вее з Балтыкі Лютаўскі вецер халодны. Глебка. // Які адбываецца ў лютым 2. Лютаўскі пленум.
лю́тневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лютні. Лютневая музыка.
лютні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да лютніст.
лю́тня, ‑і, ж.
Струнны шчыпковы музычны інструмент.
[Польск. lutnia.]
лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.
1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.
2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.
3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.
лю́ты 2, ‑ага, м.
Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.
лютэра́нін, ‑а; мн. ‑ране, ‑ран; м.
Той, хто вызнае лютэранства.
лютэра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да лютэранін.