лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
люстрава́цца, ‑руецца; незак.
1. Блішчаць, адсвечваць, як люстра 1. Люстравалася рэчка Сярод лугавін. Бядуля.
2. Адлюстроўвацца. У ціхай рэчцы мякка люстраваліся чырвань неба, бледны сярпок месяца і далёкія ярка-малінавыя аблокі, якія былі падобны на казачных жар-птушак. Хомчанка. Мужчыны адзін за адным, несучы на плячах косы, у якіх люстравалася сонца, сыходзіліся да брыгадзіравай дзялянкі на сняданак. Сабаленка.
люстрава́ць, ‑руе; незак.
1. Блішчаць, адсвечваць, як люстра 1. Люструе гладзь возера.
2. Адлюстроўваць. Страха .. ужо даўнавата паспела замшэць і грузна апускалася над вокнамі, якія люстравалі ў сабе тыя медныя блікі, што доўгай палосаю застылі далёка над цёмнымі палямі. Пестрак.
люстра́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць люстранага (у 2 знач.). Люстранасць рэк. □ Прыбярэжныя паплавы валілі веснавыя воды, і сярод іх неагляднай люстранасці трывожна стаялі купкі дрэў і падгалістага алешніку. Хведаровіч.
люстра́ны, ‑ая, ‑ае і люстраны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да люстра 1 (у 1 знач.). Люстраная майстэрня. Люстраная вытворчасць. // Уласцівы люстру, такі, як у люстра. Люстраны глянец. Люстраная паліроўна. // Які з’яўляецца люстрам, з люстрам. Люстрана-лінзавы тэлескоп. □ Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней, чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.
2. перан. З бліскучай, гладкай паверхняй. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел. Колас. Над ракою над шырокай, Над люстранаю ракой, Над лазою невысокай Ходзіць ветрык-неспакой. Астрэйка.
•••
Люстранае шкло гл. шкло.
Люстраны карп гл. карп.
люстра́цыя, ‑і, ж.
У заходніх губернях царскай Расіі — перыядычнае апісанне дзяржаўных маёмасцей з мэтай вызначэння іх прыбытковасці.
[Польск. lustracja ад лац. lustrum.]
люстры́н, ‑у, м.
Уст. Шарсцяная ці паўшарсцяная тканіна з глянцам.
[Фр. lustrine.]
люстры́навы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да люстрыну. // Пашыты з люстрыну. Люстрынавая спадніца.
люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.
1. Тое, што і люстра 1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.
2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.