лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)