люты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. ▪ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. ▪ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.

2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. ▪ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. ▪ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.

3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. ▪ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.

люты 2, ‑ага, м.

Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)