Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.

2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.

3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.

4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.

•••

Кроўная крыўда гл. крыўда.

Кроўная помста гл. помста.

крэазо́т, ‑у, М ‑зоце, м.

Смалістая вадкасць з едкім пахам, якая атрымліваецца шляхам сухой перагонкі драўніны, часцей буку (скарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне).

[Фр. créosote.]

крэазо́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэазоту. Крэазотавы пах.

крэату́ра, ‑ы, ж.

Кніжн. Той, хто займае месца дзякуючы пратэкцыі якой‑н. уплывовай асобы і з’яўляецца паслухмяным выканаўцам яе волі; стаўленік.

[Ад лац. creatura — тварэнне.]

крэве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Невялічкі ядомы марскі рак.

[Фр. crevette.]

крэве́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэветкі. // Выраблены з крэветак. Крэветкавыя кансервы.

крэ́да, нескл., н.

1. Сімвал веры ў каталіцкай царкве.

2. перан. Кніжн. Погляды, перакананне асновы светапогляду. Палітычнае крэда. Паэтычнае крэда. □ Дэвізам для часопіса было ўзята крэда матэрыялізму: «Не свядомасць вызначае жыццё, а сацыяльнае жыццё вызначае свядомасць чалавецтва». У. Калеснік.

[Ад лац. credo — веру.]

крэ́дыт, ‑у, М ‑дыце, м.

Правая старонка прыходна-расходнай кнігі, куды запісваюцца ўсе скарыстаныя каштоўнасці, а таксама ўсе даўгі і расходы, якія ёсць на гэтым рахунку; проціл. дэбет.

[Ад лац. credit — ён верыць.]

крэды́т, ‑у, М ‑дыце, м.

1. Продаж тавараў з адтэрмінаванай платай або часовая выдача грошай у доўг з выплатай за гэта працэнта. Доўгатэрміновы крэдыт. Грашовы крэдыт. Узяць тэлевізар у крэдыт.

2. Камерцыйнае давер’е; плацежаздольнасць. // перан. Давер’е, аўтарытэт. Палітычны крэдыт. Карыстацца крэдытам у каго-небудзь.

3. мн. (крэды́ты, ‑аў). Грашовыя сумы, адпушчаныя на пэўныя расходы. Крэдыты на будаўніцтва. Крэдыты на народную асвету.

•••

Дзяржаўны крэдыт — сістэма дзяржаўных пазык.

[Ад лац. creditum — доўг.]

крэдытава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крэдытаваць.

крэдытава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак. і незак.

1. Узяць (браць) у каго‑н. у доўг, у крэдыт.

2. толькі незак. Зал. да крэдытаваць.