Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крыва...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «крывы», напрыклад: крывабокі, крываногі.

крывабо́касць, ‑і, ж.

Уласцівасць крывабокага.

крывабо́кі, ‑ая, ‑ае.

Са скрыўленым бокам або бакамі. [Арцём] крывабокі, пашкоджана шыя, жыве бабылём у маленькай хацінцы. Навуменка. // Нахілены, пакошаны на адзін бок. Крывабокая, абточаная ўся шашалем шафа стаяла адцягненая ад сцяны. Чорны.

крывава́ты, ‑ая, ‑ае.

Злёгку пакрыўлены, крывы. Крываватае дрэва. □ Сухарэўскі падняўся на крываватыя ногі, доўга стаяў, пазіраючы з-пад рукі на шырокія палеткі жыта. Асіпенка. Пазок быў глыбокі і крываваты — дужкай. Пташнікаў.

крыва́вачны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да крываўкі, суправаджаецца крываўкай. Крывавачны панос.

крыва́віцца, ‑віцца; незак.

Выдзяляць кроў; кроватачыць. Але ісці яму яшчэ было трудна і няможна: ад хады зноў крывавілася б рана. Колас. Па твары скрозь крывавілася абдзёртыя пляміны. Чорны.

крыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; незак.

1. каго-што. Біць, разбіваць да крыві. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. Крывавіць ногі брудны шлак сухі. Гаўрусёў.

2. Разм. Тое, што і крывавіцца. Калена аб нешта збіта ці праколата і крывавіць. Сачанка.

3. што. Пэцкаць, мазаць кроўю; пакідаць крывавыя сляды на кім‑, чым‑н. А ногі белы снег крывавяць. Глебка.

крыва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль. // Кроватачывы. Крывавая рана.

2. Заліты кроўю; акрываўлены. Крывавыя рукі. Крывавы бінт.

3. Які суправаджаецца праліццём крыві, звязаны з кровапраліццем. Крывавае злачынства. Крывавая помста. □ Не для сваёй жа славы У суровы час вайны З бацькамі ў бой крывавы Кідаліся сыны. Непачаловіч. // Які ўчыніў многа забойстваў. Мы .. не аднойчы чулі пра дэспатаў крывавых і тыранаў. Дубоўка. І ўсплылі ў памяці Андрэя колішнія расказы бабкі аб паншчыне, аб крывавых панах... Пестрак.

4. Ярка-чырвоны, колеру крыві. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў. Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Дамашэвіч.

5. перан. Цяжкі, пакутлівы, горкі. Крывавы пот. Крывавыя слёзы.

•••

Крывавая нядзеля гл. нядзеля.

Да крывавага поту гл. пот.

крываду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крывадушнага. Крывадушнасць паводзін. Крывадушнасць слова.

крываду́шнік, ‑а, м.

Крывадушны чалавек.