Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крова...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «кроў», напрыклад: кроваспыняльны, кроваўтварэнне.

кровазваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Бесперапынны рух крыві па сасудах крывяноснай сістэмы ў целе чалавека або жывёліны.

•••

Круг кровазвароту гл. круг.

кровазліццё, ‑я, н.

Зліццё крыві з пашкоджаных сасудаў у органы і тканкі. Кровазліццё ў мозг.

кровазмяша́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кровазмяшэння, з’яўляецца кровазмяшэннем. Кровазмяшальны шлюб.

кровазмяшэ́нне, ‑я, н.

Палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі.

кровападцёк, ‑у, м.

Падскурнае кровазліццё, выкліканае ўдарам і пад. Перад яе вачамі мільгануў апухлы, з кровападцёкамі твар. Шамякін.

кровапралі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які суправаджаецца кровапраліццем. Кровапралітная вайна. Кровапралітны бой.

кровапралі́цце, ‑і, н.

Забойства, масавая гібель людзей. Пальба звычайна заканчвалася мірам і асаблівых кровапраліццяў не здаралася. Лынькоў.

кровапуска́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для кровапускання. Кровапускальны сродак.

кровапуска́нне, ‑я, н.

Спусканне з арганізма пэўнай колькасці крыві з лячэбнай мэтай.