Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ква́канне і кво́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. квакаць, квокаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Ад жабінага] важкага, манатоннага і бясконцага квакання і квокання аж закладала вушы. Сачанка.

ква́каць і кво́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць гукі, падобныя на «ква-ква». Дзіўны светла-блакітны месяц ныраў між белых хмурынак; як ніколі, энергічна і гучна квакалі жабы. Ваданосаў. Зялёныя шарэнгі ішлі маршам, яны з задавальненнем аглядалі разбураны і спалены горад і, ухмыляючыся, квакалі: «Рус капут». Якімовіч.

кво́канне,

гл. кваканне.

кво́каць,

гл. квакаць.

кво́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць кволага.

кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.

2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.

кво́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.

2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. □ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.

3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.

4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. □ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.

кво́рум, ‑у, м.

Найменшая колькасць прысутных на сходзе якой‑н. арганізацыі, неабходная па закону або статуту для прызнання сходу правамоцным. Прычын, якія б перашкодзілі правесці сход, Іван не бачыць. Кворум ёсць. Навуменка.

[Лац. quorum (praesentia sufficit) — якіх (прысутнасць дастатковая).]

кво́та, ‑ы, ДМ квоце, ж.

1. Частка, доля, норма таго, што дапускаецца ў абмежаванай колькасці. Іміграцыйная квота. Імпартная квота.

2. Велічыня падатку, які ўстанаўліваецца з кожнай адзінкі абкладання. Падатковая квота.

3. У капіталістычным манапалістычным аб’яднанні — устаноўленая сіндыкатам або картэлем доля кожнага ўдзельніка ў агульнай вытворчасці, збыце прадукцыі.

[Ад лац. quot — колькі.]