кволы, ‑ая, ‑ае.

1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.

2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. ▪ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.

3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.

4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. ▪ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)