Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кве́рху, прысл.

Уверх. Падняліся кверху бровы, зморшчыўся лоб. Гартны.

квершла́г, ‑а, м.

Гарызантальная або нахільная падземная горная распрацоўка, якая ідзе па пустых пародах пад вуглом да месца залягання карысных выкапняў і не мае непасрэднага выхаду на паверхню.

[Ням. Querschlag.]

кве́стар, ‑а, м.

1. Службовая асоба ў Старажытным Рыме, якая ажыццяўляла розныя дзяржаўныя функцыі: расследаванне цяжкіх злачынстваў, нагляд за казной і пад.

2. Загадчык адміністрацыйна-гаспадарчай часткі ў парламентах некаторых заходнееўрапейскіх краін.

3. Паліцэйскі чын у Італіі.

[Лац. quaestor.]

квет, ‑а, М квеце, м.

Паэт. Краска, кветка. Косы чорныя маўкліва Распусціла ноч па свеце, На лістку, на кожным квеце Волас звіс яе жычліва. Колас.

квета...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «кветка», напрыклад: кветаед, кветаножка, кветаложа.

кветае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Назва некаторых відаў жукоў, якія кормяцца бутонамі і кветкамі раслін. Яблыневы кветаед.

кветало́жа, ‑а, н.

Расшыраны верх кветаножкі, на якім размешчаны пялёсткі, песцікі і тычынкі кветкі.

кветано́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Частка сцябла, якая нясе кветку.

кветано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае кветкі, дае кветкі. Кветаносныя расліны.

кве́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да кветка.

•••

Гэта яшчэ (толькі) кветачкі гл. гэта.