Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жа́варанак і жа́ўранак, ‑нка, м.

Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая водзіцца пераважна на полі. Кожную раніцу аж разлягаўся жаваранак, упарта напамінаючы, што вясна такі — вось яна. Крапіва. Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя, Хай жа над вамі з зары да зары Радасна жаўранкі звоняць натхнення, Сонца гарыць! Барадулін.

жа́варанкаў і жа́ўранкаў, ‑ава.

Які належыць жаваранку, жаўранку, уласцівы яму. Твары пазіралі ў далёкае неба, нібы ўглядаліся ў вячыстае сонца, прыслухоўваліся да жаваранкавай песні, што ўслаўляла веліч і радасць жыцця, яго мудрую бессмяротнасць. Лынькоў.

жаўла́к, ‑а, м.

1. Зацвярдзенне, пухліна ў выглядзе гуза на целе чалавека, жывёлы. // Мускул, які выступае на шчоках пры сцісканні сківіц. Пад карычневай плямай маёравай шчакі ўсхадзіўся жаўлак, і здавалася: на шчацэ варушыцца мыш. Лынькоў.

2. Акруглены кусок мінералу.

жаўна́, ы́; мн. жо́ўны (з ліч. 2, 3, 4 жаўны́), жо́ўнаў; ж.

Назва чорнага і зялёнага дзятла. На дрэвах пявуча перасвістваліся дразды, трашчоткамі стракаталі сарокі і час ад часу паветра раздзіраў непрыемны, прарэзлівы крык жаўны. Стаховіч.

жаўне́р, ‑а, м.

Уст. Салдат польскай арміі. Блішчыць сцюдзёна штык жаўнера, грыміць сярдзіта барабан. Машара.

жаўне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жонка жаўнера.

жаўне́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жаўнера, жаўнераў, належыць ім. Жаўнерская форма.

жа́ўранак,

гл. жаваранак.

жа́ўранкаў,

гл. жаваранкаў.

жаўру́к, ‑а, м.

Разм. Жаваранак. Звініць жаўрук на адным месцы, як быццам ён прывязаны на нітачцы. Толькі крыламі трапеча. Няхай.