Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жне́йка, ‑і, ДМ жнейцы; Р мн. жнеек; ж.

1. Ласк. да жняя; тое, што і жняя. Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Колас. Сама сябе жнейка б’е, калі нячыста жне. Прыказка.

2. Тое, што і жняярка. Час гамонку пачынаць з густымі каласамі, Дзе жнейкай, Дзе касой збіраць, Дзе вострымі сярпамі. Броўка. На двары, пад дашчатым павевам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Краўчанка.

жнец, жняца, м.

Той, хто жне ўручную, сярпом.

жні́ва,

гл. жніво.

жні́вень, жніўня, м.

Восьмы месяц года, апошні летні месяц. Быў канец жніўня — час, калі спяшаліся на вучобу студэнты, вярталіся ўдзельнікі шматлікіх экскурсій, людзі, якія адпачывалі на курортах. Даніленка.

жні́веньскі, ‑ая, ‑ае.

Які бывае ў жніўні. Жнівеньская спёка. □ Жнівеньская ноч была цёмная і нейкая душная. Паслядовіч. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Колас. // Які адбываўся, праходзіў у жніўні (пра з’езд, канферэнцыю і пад.). Жнівеньскі пленум.

жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.

1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.

2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

жні́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жніва, звязаны з ім. Жніўная пара. □ У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Караткевіч. // Які выконваецца ў час жніва. Жніўны абрад. Жніўная песня.

жняя́, і́; мн. жне́і (з ліч. 2, 3, 4 жняі́), жней; ж.

Жанчына, якая жне ўручную сярпом. Сцяною стаяла спелае жыта, поўныя каласы хіліліся ўніз, чакаючы жней. Гурскі. На калгасным полі новы Жнеі ўюць вянок. Колас.

жняя́р, жнеяра, м.

Той, хто працуе на жняярцы. Прыйшоў жняяр узяць каня, запрэгчы ў жняярку. Мележ.

жняя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жатная машына. Жняярка-снопавязалка. □ Жняярка ідзе спорна, кладзе за сабою шапаткія абярэмкі спелых сцяблін. Мележ.