Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жні́ва,

гл. жніво.

жні́вень, жніўня, м.

Восьмы месяц года, апошні летні месяц. Быў канец жніўня — час, калі спяшаліся на вучобу студэнты, вярталіся ўдзельнікі шматлікіх экскурсій, людзі, якія адпачывалі на курортах. Даніленка.

жні́веньскі, ‑ая, ‑ае.

Які бывае ў жніўні. Жнівеньская спёка. □ Жнівеньская ноч была цёмная і нейкая душная. Паслядовіч. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Колас. // Які адбываўся, праходзіў у жніўні (пра з’езд, канферэнцыю і пад.). Жнівеньскі пленум.

жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.

1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.

2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

жні́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жніва, звязаны з ім. Жніўная пара. □ У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Караткевіч. // Які выконваецца ў час жніва. Жніўны абрад. Жніўная песня.