Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жа́ла, ‑а, н.

Абл. Джала. Бліскучае жала шаблі са свістам узляцела ўгору. Лынькоў.

жалабабру́хі, ‑ая, ‑ае.

Спец. У выразе: жалабабрухія малюскі — клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў (цела чэрвепадобнае, у большасці на брушным баку маецца прадаўгаватае паглыбленне).

жалабава́ты, ‑ая, ‑ае.

Выгнуты жолабам, з жалабамі. Жалабаватая дошка. □ [Маці] будзе прыслухоўвацца, як па жалабаватым шыферным даху срэбнымі пруткамі будзе сцякаць дождж. Наўроцкі.

жалабо́к, ‑бка, м.

Памянш. да жолаб (у 1 знач.); невялікае прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Па драўляным жалабку [з бярозы] сцякаў празрысты сок. Шамякін.

жа́лаванне, ‑я, н.

Уст. Заработная плата. Зарплаты, альбо, як тады гаварылі, «жалавання», акцёрам ніхто не плаціў, і яны задавальняліся выручкамі ад спектакляў і танцаў. Рамановіч.

жа́ласлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жаласлівага; пачуццё жаласці. Калі ўначы снілася што-небудзь з дзяцінства, тады агорвала жаласлівасць да ціхай маці. Быкаў.

жа́ласлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да жаласці, спачування; спагадлівы, чуллівы. [Ліза] засталася такою ж ласкавай і жаласліваю, як і была, але ў вонкавым выглядзе яе адбыліся перамены і зусім нечаканыя. Арабей.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне; няшчасны. — Ты не крыўдуеш на мяне, Пеця? — запыталася .. [Люба] і сама здзівілася, да чаго голас яе слабы і жаласлівы. Асіпенка.

жа́ласнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жаласнага.

жа́ласнік, ‑а, м.

Той, хто праяўляе жаласць да каго‑, чаго‑н.

жа́ласніца, ‑ы, ж.

Жан. да жаласнік.