Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жак, ‑а, м.

Рыбалоўная прылада: нерат з двума крыламі. Падняў кулёк. Як меддзю, карасямі Набіт да крылля рэдкавокі жак. Прануза.

жака́н, ‑а, м.

Тупая паляўнічая куля на буйнога звера. Мы з Ігнатам рыхтаваліся выйсці досвіткам на дзікоў. Расклалі на стале ўсе свае паляўнічыя прычындалы — капсулі, гільзы, пыжы, бляшанкі са шротам і порахам — і зараджалі патроны жаканамі і карцеччу. Ляўданскі.

жака́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Вытканы з дапамогай ткацкага станка, аснашчанага жакардавай машынай (гл. жакардаў). Жакардавая тканіна. □ Яркія маляўнічыя дываны — набіўныя і жакардавыя — здавалася, гарэлі. Карпаў.

жака́рдаў, ‑ава.

Прызначаны для вырабу тканін з вельмі складаным буйнаўзорыстым малюнкам. Жакардава машына.

[Ад уласн. імя.]

жаке́й, ‑я, м.

1. Прафесіянальны яздок на конных скачках.

2. Той, хто даглядае і дрэсіруе коней-скакуноў.

[Англ. jockey.]

жаке́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жакея, уласцівы яму. Жакейскі касцюм.

жаке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Кароткая жаночая верхняя адзежына. У хату ўвайшла высокая жанчына ў сінім жакеце і з цёплай белай хусткаю на галаве. Ваданосаў.

[Фр. jaqette.]

жаке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Тое, што і жакет. Жакетка, відаць, грэла кепска, Ганна мерзла, але не прызнавалася. Мележ.

2. Уст. Верхняе кароткае мужчынскае адзенне; пінжак. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Чорны.

жаке́цік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да жакет.

жако́, нескл., м.

Шэры афрыканскі папугай з ярка-чырвоным хвастом.

[Фр. jaquot.]