Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жана́ты, ‑ая, ‑ае.

Які ўступіў у шлюб, мае жонку; проціл. халасты (пра мужчыну). Падтрымаў старога дзеда Сын жанаты, Грышка. Колас. // толькі мн. Пра мужчыну і жанчыну, якія ўступілі ў шлюб. Яны жанатыя ўжо даўно.

жанглёр, ‑а, м.

Цыркавы артыст, які спрытна падкідвае і ловіць адначасова некалькі прадметаў. Схапіўшы дзве ладныя цагліны, .. [Сяргей] пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр. Шыцік. // перан. Пра таго, хто спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. — Ты, калега, убачыў за адозвай гуртка славянафілаў толькі апаганьванне чыстых парываў рускай народнай душы, а трэба бачыць спрытнага штукара-жанглёра, які пачынае гуляць з такімі рэчамі, як народ, нацыя, вайна. Галавач.

[Фр. jongleur.]

жанглёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да жанглёр.

жанглёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць жанглёру, уласцівы яму. Жанглёрскі спрыт.

жанглёрства, ‑а, н.

Занятак жанглёра, уменне жангліраваць. // перан. Спрытнае, але адвольнае абыходжанне з фактамі, словамі і пад. Палітычнае жанглёрства.

жанглі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. жангліраваць.

жанглі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., чым і без дап.

Спрытна падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Паяўляецца Навум, бярэ ў рукі некалькі шарыкаў і пачынае імі жангліраваць. Мікуліч. // перан. Спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. Жангліраваць фактамі. Жангліраваць цытатамі.

жанда́р, ‑а, м.

Паліцэйскі чын, які знаходзіцца на службе ў жандармерыі. Схапілі ў вёсцы жандары Ігната, Ад роднае хаты Пагналі за краты. Арочка.

[Фр. gendarme.]

жандарме́рыя, ‑і, ж.

Асобае паліцэйскае войска ў буржуазных краінах для палітычнай аховы і вышуку, для барацьбы з рэвалюцыйным рухам. Для пошукаў і лоўлі Каліноўскага была пастаўлена на ногі ўся мясцовая ўлада, яўная і патаемная паліцыя і жандармерыя губерні. Лушчыцкі.

[Фр. gendarmerie.]

жанда́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жандара, жандараў, належыць ім. Жандарская шабля. □ Сурвільчыка .. [Няміра] убачыў з жандарскай канцылярыі, адкуль выводзілі яго пасля допыту. Чорны. // Які складаецца з жандараў. Жандарскі корпус.