Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.

Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.

гне́дка, ‑і; Р мн. ‑дак; м.

Конь гнядой масці. Сцёпка смыкнуў гнедку за повад, і той выйшаў з лужыны. Хомчанка.

гне́ды,

гл. гняды.

гнездава́нне, ‑я, н.

Перыяд размнажэння птушак, звязаны ў большасці іх відаў з віццём гнязда.

гнездава́цца, гняздуецца; незак.

Тое, што і гняздзіцца (у 1 знач.).

гнездавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да гнязда (у 1 знач.). Гнездавы перыяд.

2. Які мае адносіны да гнязда (у 3, 4 знач.). Гнездавы спосаб сяўбы. Гнездавое заляганне руд.

гнейс, ‑у, м.

Горная парода, якая складаецца з кварцу, палявога шпату і аднаго ці некалькіх каляровых металаў.

[Ням. Gneiss.]

гне́йсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гнейсу.

гне́сці, гняту, гняцеш, гняце; гняцём, гнецяце; пр. гнеў, гняла, ‑ло; незак., каго-што і без дап.

1. Прыціскаць, душыць сваім цяжарам. Сырыя шынелі Гнятуць да сядла. Крапіва.

2. Даводзіць да цяжкага, прыгнечанага стану, выклікаць непрыемнае пачуццё. Злавесная цішыня зняла сваёй невядомасцю. Хомчанка. Цяжкія думкі гнялі жанчыну: паблажэла ў твары, стала нейкая задумлівая. Пальчэўскі.

3. Прыгнятаць, мучыць. Заводы стаяць, змоўкла песня гудкоў, Гняце азвярэлы кулак беднякоў. Хведаровіч. Максім, даведзены да роспачы, хоць і спакойна, выказвае ўжо пратэст: «З усіх бакоў гнятуць мужыка... Апошнія жылы цягнуць з яго...». «ЛіМ».

гнеў, гневу, м.

Пачуццё моцнага абурэння, стан раздражнення, злосці. Словы сыпаліся і сыпаліся з усіх бакоў. Тут былі і ўедлівыя жарты, і абурэнне, і праўдзівы гнеў. Дуброўскі. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе. Колас.

•••

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Не ў гнеў хай будзе сказана гл. быць.

Ні гневу ні ласкі — а) пра бесхарактарнага чалавека. У нашай Параскі ні гневу ні ласкі. Прыказка; б) пра абыякавасць да каго‑н.