Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вуша́к, ‑а, м.

Бакавы брус у дзвярной асадзе. На парозе, трымаючыся за клямку і вушак, стаяла Алена. Сіўцоў.

вуша́нка, ‑і ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шапка з вушамі (гл. вуха ў 4 знач.). [Толя] палажыў свой чамадан на паліцу, расшпіліў паліто, зняў вушанку і сеў. Брыль.

вуша́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі вушамі. Усё ціха. Дзесь блізютка Прамільгнуў кажан вушасты. Колас.

вуша́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і вушасты. Андрэя Крушына ведаў яшчэ вушатым гімназісцікам у форменнай аксамітнай шапцы Віленскай беларускай гімназіі. Брыль.

ву́шка, ‑а; Р мн. ‑шак; н.

1. Памянш.-ласк. да вуха (у 2 знач.); маленькае вуха.

2. Тое, што і вуха (у 5 знач.). Каваль падняў звон за вушка і ўдарыў па ім каменем. Ваданосаў.

3. пераважна мн. (ву́шкі, ‑шак). Петлі ў абутку для замацавання яго на назе або нацягвання. Ад лапцей засталіся адны аборы і некалькі вушак. Якімовіч. [Тамашовы] боты.. былі звязаны разам за вушкі і перакінуты на плячах. Бядуля.

4. Дзірачка для ніткі ў іголцы.

5. пераважна мн. (ву́шкі, ‑шак). Страва, зробленая з кавалачкаў цеста з угорнутым у іх тварагом, грыбамі і пад.

•••

За вушка ды на сонейка — выкрыць, прыцягнуць да адказнасці каго‑н. [Левановіч:] А мы яго зараз за вушка ды на сонейка. Крапіва.

вушні́к, ‑а, м.

Разм. Урач, які лечыць хваробы вуха.

вушны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да вуха (у 1, 2 знач.). Вушная ракавіна. Вушныя хваробы. // Які спецыялізуецца на лячэнні хвароб вуха. Вушны ўрач.

ву́шы,

гл. вуха.