ву́гал, ‑гла, м.
1. Месца, дзе сутыкаюцца два бакі аднаго прадмета; рог. Вугал стала, дома. □ Хлопец сядзіць на прызбе Максімавай хаты, каля вугла, сочыць за паплаўком і час ад часу азіраецца. Брыль. // Рог на перакрыжаванні дзвюх вуліц. Шырокі двор на вуглу.. вуліцы ажывае. Чорны.
2. Тое, што і кут (у 1 знач.). У вуглу ад вуліцы стаяў меншы столік, на якім у беспарадку валяліся.. цацкі. Даніленка.
3. Тое, што і кут (у 3 знач.); прытулак. Вось хата, цёплы родны вугал, А на стале пахучы хлеб. Хведаровіч.
4. Спец. Частка плоскасці паміж дзвюма прамымі лініямі, якія выходзяць з аднаго пункта. Прамы, востры, тупы вугал. Вяршыня вугла.
•••
Нямецкі вугал — гладкі, без выступаў вугал (хаты). Калісьці.. [хата] мела даволі самавіты выгляд: складзена на нямецкі вугал, чатыры акны з аканіцамі. С. Александровіч.
Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.
З-за вугла (напасці, ударыць і пад.) — спадцішка, без папярэджання, вераломна.
ву́галь, ‑ю; мн. вуглі́, ‑ёў і вугалі́, ‑ёў; м.
1. (мн. вуглі́). Цвёрдае гаручае выкапнёвае рэчыва арганічнага паходжання. Каменны вугаль. Буры вугаль.
2. (мн. вуглі́ і вугалі́). Рэшткі няпоўнага згарання драўніны; кавалак абгарэлага дрэва. Драўняны вугаль. // Матэрыял для малявання. Маляваць вугалем.
•••
Белы вугаль — рухаючая сіла вады.
Блакітны вугаль — рухаючая сіла ветру.
ву́гальны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вугалю; багаты вугалем. Вугальны пыл, пласт, басейн. // Зроблены з вугалю. Вугальныя электроды. // Які займаецца здабычай вугалю. Вугальная прамысловасць. // Прызначаны для здабычы, захавання, перавозкі вугалю. Вугальны склад. Вугальны камбайн.
•••
Вугальная кіслата гл. кіслата.
ву́гальшчык, ‑а, м.
1. Работнік вугальнай прамысловасці.
2. Той, хто вырабляе драўняны вугаль. // Рабочы вугальнага склада.
вуге́льчык, ‑а, м.
Тое, што і вугольчык. Вочы ў абодвух [сыноў] чорненькія, як вугельчыкі. Чорны.
вуглава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць вуглаватага. Вуглаватасць почырку.
вуглава́ты, ‑ая, ‑ае.
З выступамі, няроўны. На поўдні з-за небасхілу высунулася чорная вуглаватая хмара. Гамолка. // З востра выступаючымі касцямі. Вуглаватая постаць. □ Марыля перасмыкнула сваімі вуглаватымі плячыма. Ткачоў. // перан. Няўклюдны, сарамяжлівы. Вуглаваты падлетак. // перан. Рэзкі, грубы. Вуглаваты характар.
вуглавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае форму вугла, сагнуты пад вуглом. Вуглавое злучэнне. Вуглавое жалеза.
2. Які стаіць на вуглу, на перакрыжаванні вуліц. Вуглавы дом.
3. Спец. Які мае адносіны да вымярэння вуглоў. Вуглавы градус. Вуглавое адхіленне.
вугламе́р, ‑а, м.
Прылада ці інструмент для вымярэння вуглоў і вуглавых згібаў дэталей машын і пад.