Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вуза́, ‑ы, ж.

Пчаліны клей; пропаліс.

вуздэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Прадмет збруі, які надзяваецца на галаву каню; аброць. Адзінарная, падвойная, сырамятная вуздэчка. □ Па прыціхлай вуліцы правялі за вуздэчку баявога каня. Хомчанка.

вуздэ́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны, да вуздэчкі.

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

вузе́льчык, ‑а, м.

Памянш. да вузел ​1 (у 1, 6, 7 і 8 знач.); невялікі вузел. Паступова вяроўка танчэла і заканчвалася тоненькім пяньковым хвосцікам з дзесяткамі вузельчыкаў. Колас. Шаркаючы чаравікамі аб пафарбаваную падлогу, Параска таропка сабрала ў вузельчык сякія-такія рэчы,.. пацалавала ўнукаў і выйшла з дому. «Вожык».

вузе́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца вузейшым. Чырвоная паласа на захадзе ўсё вузела, апускаючыся за небасхіл. Шахавец.

ву́зіць, вужу, вузіш, вузіць; незак., што.

Рабіць больш вузкім, звужваць. Вузіць штаны.

вузка...

Першая частка складаных слоў, якая ўжываецца ў значэннях слова «вузкі», напрыклад: вузкаплечы, вузкаспецыяльны.

вузкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Недастатковы па шырыні. Вузкаваты рукаў. Вузкаваты праход.

вузкаве́дамасны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з адным якім‑н. ведамствам, з невялікай колькасцю ўстаноў, арганізацый. // перан. Які дбае толькі аб вузкіх інтарэсах, не звяртаючы ўвагі на стан агульнай справы. Вузкаведамасныя мэты.