самату́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць саматужнага (у 2 знач.).
самату́жнік, ‑а, м.
Той, хто займаецца вырабам чаго‑н. дома; рамеснік. Саматужнік-адзіночка. □ Карчма Шчыгельчыка стала прыпынкам найбольш сялян, а таксама местачковых саматужнікаў — цесляроў, муляроў і іншых. Пестрак. // Пра таго, хто не творча, не якасна працуе. Толькі саматужнікі іграюць скрозь і пры любых умовах, а для мяне [Галіны] патрэбен быў, глядач. Рамановіч.
самату́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да саматужніцтва. Саматужніцкія вырабы.
самату́жніцтва, ‑а, н.
1. Занятак саматужніка, саматужны промысел. [Марцін:] Пры панскім рэжыме я не мог стаць раўнапраўным членам рабочага класа. Што ж, беспрацоўе... Вось і прыходзілася зямлю араць і розным саматужніцтвам займацца. Чарнышэвіч.
2. перан. Работа, якая вядзецца адасоблена, неарганізавана, прымітыўна. Наш галоўны недахоп, на знішчэнне якога мы павінны накіраваць усе свае сілы, гэта — вузкі «саматужны» характар мясцовай работы. У сілу гэтага саматужніцтва, маса праяўленняў рабочага руху ў Расіі застаюцца чыста мясцовымі падзеямі. Ленін. // Вузкае, прымітыўнае разуменне чаго‑н. «Барацьба за высокае майстэрства, супраць элементаў саматужніцтва, меладраматызму..» — гэты дэвіз, што бытуе ў тэатры, павінен стаць для яго пуцяводнай зоркай. «Маладосць».
самату́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Займацца саматужным промыслам.
2. перан. Рабіць што‑н. неарганізавана, прымітыўным спосабам.
самату́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.
2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.
саматы́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да сомы. Саматычныя клеткі.
2. Які мае адносіны да цела; цялесны. Саматычная мускулатура.
самаўдаскана́ленне, ‑я, н.
Удасканаленне сваіх маральных, разумовых і фізічных якасцей. Эвалюцыя духоўнага, унутранага развіцця, самаўдасканалення героя — не прамы і не лёгкі шлях. Навуменка.
самаўдаскана́льванне, ‑я, н.
Тое, што і самаўдасканаленне.
самаўдаскана́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Удасканальваць свае разумовыя, маральныя і фізічныя якасці.