самасці́йнік, ‑а, м.
У час грамадзянскай вайны — удзельнік нацыяналістычнага контррэвалюцыйнага руху на Украіне, які ставіў сабе за мэту аддзяленне яе ад Расіі.
самасці́йны, ‑ая, ‑ае.
Незалежны, самастойны (пра нацыяналістычны контррэвалюцыйны рух на Украіне ў 1918–1920 гг.).
саматало́гія, ‑і, ж.
Раздзел медыцыны, які вывучае памеры і прапорцыі цела чалавека (рост, вагу і пад.).
[Ад грэч. soma, somatos — цела і logos — вучэнне.]
саматка́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Адзенне, бялізна з саматканага льнянога палатна. [Шыянок:] — Я не ведаю, як хто, а я вельмі добра адчуваю сябе, калі надзяваю на голае цела сялянскую саматканку. Сабаленка.
саматка́ны, ‑ая, ‑ае.
Вытканы ў хатніх умовах, саматужным спосабам (пра тканіну). Саматканае сукно. Саматканае палатно. □ Кастусь сеў на край нараў, засланых тоўстай саматканай коўдрай, і пачаў уважліва пазіраць за палкоўнікам. Ваданосаў. [Анэлі] здавалася, што яе простая саматканая сукенка кідаецца ў вочы. Чарнышэвіч.
саматка́цкі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: саматкацкі станок гл. станок.
саматра́с, ‑а, м.
1. Спец. Аўтаматычна механізм у самаходным камбайне, прызначаны для вытрасання зерня з саломы.
2. Зімовая рыбалоўная снасць, якая нагадвае паплаўковую вуду, дзе замест кручка прымацавана блясна.
саматрэніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Трэніроўка сваёй памяці, нервовай сістэмы і пад.
самату́гам, прысл.
1. Без дапамогі цяглавай сілы, на сабе. Тады на заводзе былі ўсяго дзве печы. Рабочыя саматугам вазілі ў іхнія ненасытныя зеўры на тачках торф. Даніленка. Раніцай, у скорым часе пасля пад’ёму, на цэнтральнай дарозе паказвалася двухколка, якую саматугам цягнулі палонныя. С. Александровіч.
2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі. Зміцер сам праз сябе, саматугам выбіўся ў людзі. «Маладосць».
самату́жкі, ‑жак; адз. няма.
Разм. Прымітыўная павозка на двух колах, а таксама невялікія сані для перавозкі чаго‑н. саматугам. Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. Капыловіч. Упр[о]гшыся ў нагружаныя дрывамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць, моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Краўчанка.