самаспла́ў, ‑лаву, м.
Сплаў лесу сілай цякучай вады без дапамогі буксіра.
самасправазда́ча, ‑ы, ж.
Справаздача аб уласнай рабоце, занятках.
самасто́йнасць, ‑і, ж.
1. Незалежнасць, свабода ад чыйго‑н. уплыву, прымусу. Палітычная самастойнасць дзяржавы. □ На палях бітваў вырашаўся лёс сацыялістычных заваёў і дзяржаўнай самастойнасць народаў СССР. «Звязда». // Уласцівасць адрознівацца, вылучацца сваімі асаблівасцямі. Мінскі інтэр’ер ужо набыў права мастацкай самастойнасці. «Маладосць».
2. Уласцівасць і стан самастойнага. Развіццё самастойнасць і ініцыятывы навучэнцаў. □ Трымаўся.. [Янка] заўсёды як дарослы, і самастойнасць гэтая ішла да яго грубаватага сур’ёзнага твару, бліскучых вачэй і крыху сутулай постаці. Чарнышэвіч. // Сур’ёзнасць у паводзінах, адносінах да справы. Зіна, як дзяўчынка, заставалася дома за гаспадыню. Гэта яе прывучыла да работы. Але гэта і надало яе паводзінам залішнюю самастойнасць. Шыцік. Маруся бясконца смяецца. Дзесяты клас канчае, а ніякай самастойнасці. Мыслівец.
самасто́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа. «Весці». // Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам. Юргелевіч.
2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма. Ленін. // Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.
3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце. Крапіва. // Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.
самастрахава́нне, ‑я, н.
Тое, што і самастрахоўка.
самастрахо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы, ж.
1. Спец. Страхоўка спартсменам самога сябе пры выкананні якога‑н. практыкавання. Самастрахоўка альпініста.
2. Залішняя прадбачлівасць і імкненне засцерагчы сябе ад чаго‑н. непрыемнага. Праўда, у .. Маніных словах заўсёды была доля самастрахоўкі. Васілевіч.
самастрахо́ўшчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто праяўляе празмерную асцярожнасць у чым‑н., каб застрахаваць сваю асобу ад адказнасці за непажаданы вынік. [Гарлахвацкі:] Каб я быў такі самастрахоўшчык, як іншыя, дык мог бы прапанаваць вам [Чарнавусу] падаць заяву аб уходзе. Крапіва.
самастрэ́л 1, ‑а, м.
1. Старажытная зброя для кідання стрэл і камення, якая складаецца з лука з прыкладам і спускавога механізма. // Дзіцячая цацка ў выглядзе такой зброі.
2. Спец. Пастка спецыяльнай канструкцыі на шашкоў, якая нагадвае лук.
самастрэ́л 2, ‑а і ‑у; м.
1. ‑у. Наўмыснае раненне самога сябе (з мэтай ухілення ад ваеннай службы). Сапраўдны салдат ніколі не зробіць самастрэлу. Гурскі.
2. ‑а. Разм. Салдат, які знарок раніў сябе.
самастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да самастрэла 1.
2. Які аўтаматычна страляе. Самастрэльная зброя.