самастойны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. ▪ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа. «Весці». // Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. ▪ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам. Юргелевіч.

2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма. Ленін. // Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.

3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. ▪ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце. Крапіва. // Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)