задава́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑ай, ж.
Разм. Фанабэрысты, ганарысты чалавек; зазнайка. Раней яна, Паліна Фёдараўна, лічыла Вікторыю Аркадзеўну і ганарыстай, і задавакай, і ўсё гэта толькі праз тое, што яны не ведалі адна адну. Паслядовіч. [Валіку] стала крыўдна, што яго папраўляе дзяўчынка, ды яшчэ пры ўсіх. «Задавака ўсё ж яна. Выхваляецца, што многа ведае». Жычка.
задавальне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. задавальняць — задаволіць.
2. Прыемнае пачуццё ад паспяховага ажыццяўлення, завяршэння чаго‑н. Данік адчуваў задавальненне сабой, гордасць, што здолеў перамагчы ўсе перашкоды. Краўчанка. Сябры з задавальненнем выкупаліся і вярталіся назад праз лес. Пестрак.
задавальня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да задаволіцца.
2. Зал. да задавальняць.
задавальня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да задаволіць.
задава́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. задаваць — задаць.
задава́нне 2, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. задавацца 2; фанабэрыстасць, ганарлівасць, зазнайства.
задава́цтва, ‑а, н.
Тое, што і задаванне 2. Маёру ўспомнілася, як на нядаўнім партыйным сходзе гэтыя ж самыя работнікі бязлітасна і жорстка крытыкавалі капітана за задавацтва, ганарыстасць. Асіпенка.
задава́цца 1, ‑даецца; незак.
1. Незак. да задацца.
2. Зал. да задаваць (гл. задаць у 1–3 знач.).
задава́цца 2, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся; заг. задавайся; незак.
Разм. Фанабэрыста, ганарліва паводзіць сябе; важнічаць. — Як табе падабаецца аграном? — Нічога. Толькі, здаецца мне, крыху задаецца. Шамякін.
задава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае.
Незак. да задаць.
задаві́цца, ‑даўлюся, ‑давішся, ‑давіцца; зак.
Разм.
1. Павесіцца. З гультаём ажаніцца — лепей задавіцца. З нар.
2. Падавіцца, удавіцца. — Вам не давядзецца плаціць пану .. і дзвесце дзесяцін зямлі вы зусім дарэмна атрымоўваеце. — Сам тую зямлю вазьмі! — Хай ён задавіцца той зямлёй! Галавач.
задаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і задушыць. — А! — махнуў рукою Нічыпар, — ёсць прыказка: «Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла». Колас.