чырваназёмны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца чырваназёмам. Чырваназёмныя глебы.
чырваназо́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае чырвоную зорку як знак прыналежнасці Савецкай Арміі, Савецкаму Саюзу (звычайна пра самалёт). Нарэшце мы пачулі доўгачаканы грукат гармат, нарэшце мы часцей пачалі бачыць чырваназорныя самалёты, якія імкліва праляталі над лесам на захад. Паслядовіч.
чырванакры́лы, ‑ая, ‑ае.
З чырвонымі крыламі. Над калонамі ўзляцелі галубы — белыя, чырванакрылыя, жаўтахвостыя. Карпаў. // Які мае чырвоную зорку на крылах (пра савецкія самалёты). Чырванакрылы бамбавоз Расплатаю навіс... Гарыць адзін, за ім другі І трэці эшалон. Панчанка.
чырванано́гі, ‑ая, ‑ае.
У якога чырвоныя ногі. Чырвананогі прыгажун [бусел] .. бясстрашна засігаў за жабай. Брыль.
чырванано́жка, ‑і, ДМ ‑ножцы; Р мн. ‑ножак; ж.
Птушка сямейства бакасіных з бурай спінкай і аранжава-чырвонымі нагамі.
чырванано́сы, ‑ая, ‑ае.
З чырвоным носам. Цыбатая шэрая індычка, якая нечага доўга тапталася каля ганка пашывачнай арцелі, раптам.. павяла праз вуліцу, пад засень аброслых інеем ліп, свайго чырвананосага кавалера. Паслядовіч.
чырванапёры, ‑ая, ‑ае.
З чырвонымі плаўнікамі, пёрамі, пер’ем (пра рыбу, птушак). Серабрыліся празрыстыя воды быстрай ракі, ля берага падскочыла чырванапёрая плотка, пабеглі тонкія кругі. Гурскі. — Дуня едзе! — крычалі хлапчукі, выбегшы раніцай з Сасноўцаў на тракт, па якім плылі два камбайны, падобныя на вялікіх чырванапёрых птахаў. Хадкевіч.
чырванаску́ры, ‑ая, ‑ае.
1. З чырвонай або чырванаватай скурай.
2. З цёмна-жоўтай, чырванаватай афарбоўкай скуры (пра індзейцаў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі). Чырванаскурыя плямёны. // у знач. наз. чырванаску́рыя, ‑ых. Індзейцы.
чырванасця́жнік, ‑а, м.
Разм. Асоба, узнагароджаная ордэнам Чырвонага Сцяга.
чырванасця́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Чырванасцяжны полк. // Які атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Мы разумеем, што працуе чырванасцяжная ўдарная брыгада, і мы крычым ёй калектыўнае прывітанне. Галавач.
2. Які складаецца, састаўлены з чырвоных сцягоў. Чырванасцяжнае, вольнае Зарыва ўдоўж і ўшыр... Стомлена выйшаў са Смольнага На вуліцу правадыр. Грачанікаў.