Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упача́тку, прысл.

Спярша, спачатку. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала .. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны. // На самым раннім этапе. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі. Колас.

упая́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упаяць.

упая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Уставіць і замацаваць што‑н. паяннем. Упаяць кандэнсатар у радыёпрыёмнік.

уперава́лку, прысл.

Разм. Ісці, рухацца, перавальваючыся з боку па бок. — Я вам кажу, што гэта Польшч[а] ўжо, — гаварыў.. [Калодка], уперавалку сігаючы за Міколам. Брыль.

уперагі́б, прысл.

Разм. Сагнуўшыся вельмі нізка.

упераго́нкі, прысл.

Разм. Пераганяючы адзін аднаго; навыперадкі. Пабраўшы кійкі, Міма гулкай трохтонкі, Імчаць хлапчукі Па сялу ўперагонкі. Куляшоў. Асядлаўшы варанога, З хлапчукамі ўперагонкі Я ляцеў, — гула дарога, Вецер біў у перапонкі. Гаўрусёў.

упе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку паступальнага руху; проціл. назад. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў. Лынькоў. Машыніст насунуў рэгулятар уперад. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак.

2. прысл. У напрамку далейшага развіцця, у будучыню. Блок камуністаў і беспартыйных .. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае, што з’яўляецца зарукай усіх нашых поспехаў, нашага пераможнага руху ўперад да камунізма. «Звязда». Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Мележ.

3. прысл. Спярша, спачатку, раней. Уперад падумай, а потым гавары. □ Марыля абкружвала .. [руку] хусцінкай, уперад ад болю, а потым ад сораму. Брыль. Мне і ўперад, вядома, хацелася есці, але я не адчуваў так моцна голаду, не адчуваў так той хваравітай прагі да яды, якая цяпер не давала супакою. С. Александровіч. // Раней за каго‑, што‑н. А Сямён яшчэ ўперад за мяне ўправіўся са сваім [гітлераўцам]. Шуцько. // Некалі, калісьці; даўней. [Дзед:] — Я — быў дуж! Бывала, на ўсім сяле са мною ніхто не мог паборацца. У лесе шулы — адзін клаў .. — Уперад, кажуць, усе людзі былі дужыя, — пагаджаюся я. Скрыган.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну. Максім падзякаваў і папрасіў узяць грошы, колькі належыць, за месяц уперад. Машара.

5. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н., раней за каго‑н. [Матрос:] — Ды не лезь ты [Сцёпка] ўперад бацькі ў пекла... Хомчанка.

6. у знач. выкл. Ужываецца ў якасці загаду рухацца ў напрамку перад сабой. — За ўладу Саветаў, уперад! — пачулася каманда. Гурскі.

•••

Крок уперад — тое, што і крок наперад (гл. крок).

Ні ўзад ні ўперад гл. узад.

Узад і ўперад; узад-уперад гл. узад.

упе́радзе, прысл. і прыназ.

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н., наперадзе; проціл. ззаду. Уперадзе .. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // На пярэднім месцы, непасрэдна перад кім‑, чым‑н. (сядзець, стаяць і пад.). Вядома, калі пышная Лізавета Назараўна сядзе ўперадзе, а Ніна Раманаўна і Лена ззаду, то і для маці месца хопіць. Корбан. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго [брата] не падвяду. Гілевіч.

2. прысл. У будучым. Але ўперадзе было яшчэ многа цікавага, нязведанага, бо гэта ж толькі адна мяжа, за якою разгортваюцца новыя краіны жыцця, новыя хвалі яго вечнай плыні. Колас.

3. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў. Лынькоў. Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба. Мурашка.

упераме́жку, прысл.

Разм. Папераменна чаргуючыся адно з другім, у нейкім пэўным парадку. Ішлі халодныя асеннія дажджы ўперамежку са снегам. «Звязда». Спалі.. [дзяўчаты] разам у Валіных сенцах... Раз уставала адна, другі раз — другая, уперамежку, каб устаць з жаваранкамі, прыцемкам пусціць трактар. Лобан. Мы, вучні, размяшчаліся на прыватных кватэрах, уперамежку з вайскоўцамі. Дубоўка.

упераме́шку, прысл.

Разм. Тое, што і упярэмешку. І бульба была ўперамешку з каменнямі, І нават у бохан траплялі яны. Панчанка. Навокал уперамешку з алешнікам, пагойдваючы верхавінамі, стаялі замшэлыя елкі. Быкаў. Дождж сыпаўся густы, як з рэшата, уперамешку з градам. Пташнікаў.