уперадзе, прысл. і прыназ.
1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н., наперадзе; проціл. ззаду. Уперадзе .. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // На пярэднім месцы, непасрэдна перад кім‑, чым‑н. (сядзець, стаяць і пад.). Вядома, калі пышная Лізавета Назараўна сядзе ўперадзе, а Ніна Раманаўна і Лена ззаду, то і для маці месца хопіць. Корбан. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго [брата] не падвяду. Гілевіч.
2. прысл. У будучым. Але ўперадзе было яшчэ многа цікавага, нязведанага, бо гэта ж толькі адна мяжа, за якою разгортваюцца новыя краіны жыцця, новыя хвалі яго вечнай плыні. Колас.
3. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў. Лынькоў. Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)