Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крупяны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да круп, прызначаны для іх вырабу. Крупяная прамысловасць. Крупяныя культуры. // Прыгатаваны з круп. Крупяны суп.

кру́та,

Прысл. да круты.

•••

Крута прыходзіцца гл. прыходзіцца.

крута...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «круты» (у 1 знач.), напрыклад: крутарогі, крутаплечы.

крутабо́кі, ‑ая, ‑ае.

З крутымі бакамі. Збягалі да .. [Дзвіны] крутабокія звілістыя яры, жаўцелі пясчаныя выспы. Хадкевіч.

крутабярэ́жны, ‑ая, ‑ае.

З крутымі берагамі. Крутабярэжная рака.

крутава́ты, ‑ая, ‑ае.

Даволі круты. Крутаваты пад’ём. □ Цяжка ўзыходзіць да Вялікага Каменя ад рэчкі: крутаватая, старчма ўзнятая сцежка. Баранавых.

крутаве́рхі, ‑ая, ‑ае.

З крутым верхам (кронай, дахам і пад.). Перад самым пераездам стаяў крутаверхі клён у шапцы густога маладога лісця. Колас.

крутаве́рць, ‑і, ж.

Разм.

1. Пра дрэннае надвор’е з мяцеліцай, завірухай. Нас «злыгаў» лёс на доўгія гады і пагнаў далёка ад родных мясцін у снежную крутаверць каржанскіх лясоў. Грахоўскі. Іду, крутаверцю белай Засыпаны да галавы. Цвірка. / у перан. ужыв. Расой чырвонай апаліў траву Хтось за мяне ў той чорнай крутаверці. Зуёнак.

2. Пра вірлівую ваду, паводку. Падмываючы жвір, глыбока ў бераг уразалася пляскотная крутаверць. Паўлаў.

крутаду́шнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і крывадушнік; круцель.

крутало́бы, ‑ая, ‑ае.

З крутым лобам. Круталобая галава. Круталобы алень.