Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загу́тарыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Захапіўшыся гутаркай, забыцца на час. Хвілін праз колькі бацька схамянуўся. — Загутарыліся, а хутка госці прыйдуць. Шамякін.

загу́тарыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Пачаць гутарыць.

загуча́ць і загучэ́ць, ‑чыць; зак.

Пачаць гучаць, гучэць. // Прагучаць, прагучэць. Вось-вось загучыць адыходны гудок. Зарыцкі. — А што ты зробіш, — панура абазваўся Гушка, і ў голасе яго загучэла ўпартая нецярплівасць. Чорны.

загу́шкаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Гушкаючы, калышучы, усыпіць каго‑н. Загушкаць дзіця.

загу́шкаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць гушкаць.

загушча́льнік, ‑а, м.

Клейкае рэчыва для згушчэння фарбаў.

загу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загусціць.

загушча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загусціць.

загушчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. загушчаць — загусціць.

загы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць гыркаць. // Гыркнуць некалькі разоў запар. Сабака пад сталом загыркаў і, ашчэрыўшы зубы, кінуўся на пана. Дамашэвіч.

зад, ‑а, М ‑дзе; мн. зады, ‑оў; м.

1. Задняя частка чаго‑н.; проціл. перад. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Адна хата стаяла задам у вокны другой. Чорны. // Задняя частка тулава жывёлы. [У вепра] доўгая вузкая галава з вялікім лычам.., вострая гарбатая спіна з высокім загрыўкам і вузкім задам. В. Вольскі. // Разм. Частка цела чалавека ніжэй спіны. [Кравец] быў гарбаты без гарба не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў зад, не вырас. Брыль.

2. толькі мн. (зады́, ‑оў). Разм. Тое, што раней вывучана або ўсім вядома. Паўтараць зады.