Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самаро́бкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і самаробны. Палаткі лагера прыціхлі, Начным агорнутыя сном. Салдат спакой вартуе іхні Пад самаробкавым «грыбком». Калачынскі.

самаро́бны, ‑ая, ‑ае.

Ручной работы; не фабрычнага вырабу. Дзед ад хвалявання часта набіваў сваю самаробную люльку, цмокаў губамі і пагладжваў сівую бараду. Няхай. У Колі чамадан фабрычны, фанерны, а ў Грышы самаробны, з тоненькіх дошчачак. Пальчэўскі.

самаро́дак, ‑дка, м.

1. Рознай велічыні кавалкі металу (звычайна каштоўнага), якія сустракаюцца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самародак плаціны. □ Знайсці сюжэтныя характары, дабрацца да іх бывае гэтак жа цяжка, як да нафты. А часам іх знаходзіш зусім выпадкова, як залатыя самаробкі. Шамякін.

2. перан. Чалавек, прыродныя здольнасці якога выявіліся самастойна, без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Сымон ад нараджэння натура, надзеленая чулай душой і дапытлівым розумам, ён рэдкі талент, самародак. Навуменка. Чапаеў — селянін, самародак, велізарны ваенны талент якога змог разгарнуцца толькі ў канкрэтных умовах грамадзянскай вайны. «Беларусь».

самаро́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самародка, уласцівы яму. Самародкавае золата. □ Самародкавы талент мастака заблішчэў усімі фарбамі. Гурскі.

самаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які сустракаецца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самароднае золата. Самародная медзь. // Які ўтрымлівае самародкі (у 1 знач.), з самародкамі. Самародныя россыпы.

2. Прыродны, які развіўся без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Самародны талент. □ У ім [Сымоне] прачнуўся самародны практык-аграном; гаспадарчая яго інтуіцыя, звыкласць — сагнала з яго ранейшае сумненне. Чорны. // Уласцівы самародку (у 2 знач.), дасканалы ў творчых адносінах. У.. [К. Каганца] вынікалі такія вершы, як «Кабзар».. — рэч самародная, веючая народныя духам і пакідаючая моцнае ўражанне. Багдановіч. [Ян Каспровіч] прызнаў «Песню» [«Песню пра зубра» М. Гусоўскага] творам самародным І прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». У. Калеснік.

самару́х, ‑у, м.

Спец. Вечны рух і развіццё матэрыі, якое адбываецца паводле ўласцівых ёй супярэчнасцей, барацьбы процілегласцей.

самару́шны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Самарушны кран. Самарушны экскаватар.

сама́рый, ‑ю, м.

Хімічны элемент трэцяй групы перыядычнай сістэмы элементаў Д.І. Мендзялеева, злучэнні якога ўжываюцца, напрыклад, у святлатэхніцы.

самарэаліза́цыя, ‑і, ж.

Рэалізацыя, ажыццяўленне самім сваіх задум, намераў, магчымасцей. Працоўная дзейнасць як самарэалізацыя асобы.

самарэгістру́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які аўтаматычна рэгіструе паказанні чаго‑н. Самарэгіструючы прыбор.