Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Напоўніць грузам; нагрузіць. Загрузіць машыну мяшкамі. // Заняць, заваліць, запоўніць чым‑н. Загрузіць стол кнігамі. □ Усю зіму возяць туды [на рум] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.

2. перан. Разм. Забяспечыць работай у патрэбнай колькасці. Загрузіць трактары на поўную змену. / Пра чалавека. — Ты не ўяўляеш, як загрузяць цябе, калі тут аграномы, няхай і з сярэдняй адукацыяй, цэняцца, як золата. Хадкевіч.

3. Закласці, засыпаць куды‑н., у што‑н. Загрузіць вугаль у топку. Загрузіць сілас у яму. Загрузіць лён у мачулішча.

загру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. загружаць — загрузіць (у 1, 3 знач.).

2. Разм. Забяспечанасць работай прадпрыемства, транспарту і пад.; загружанасць (у 2 знач.). Рацыянальная загрузка транспарту.

загру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загру́з, ‑ла; зак.

Засесці, завязнуць у чым‑н. топкім, сыпкім. Загрузнуць у балоце. □ Наваліла замець такія гурбы, што з канём загрузнуць можна. Лынькоў. // перан. Заняўшыся чым‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. Азаркевіч зноў загруз у працы і часта нават забываўся, што трэба паесці. Гурскі.

загру́зчык, ‑а, м.

1. Рабочы, заняты загрузкай домны, плавільнай печы і пад.

2. Загрузачны апарат або машына.

загруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Пачаць грукатаць. // Прагрукатаць. Тут недалёка і масток. На ім загрукатала, відаць, нехта прабег. Пташнікаў.

загрукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак.

Пачаць грукацець. // Прагрукацець. Раптам загрукацелі дзверы, і на парозе паявіўся чалавек з нашай на плячах. Марціновіч.

загру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць грукаць. // Грукнуць некалькі разоў запар. У сенцах загрукалі, адчыніліся дзверы. Паслядовіч.

загрунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Пакрыць грунтам (у 5 знач.). Загрунтаваць палатно.

загрунто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да загрунтоўваць.

загрунто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загрунтаваць.