сяна́ж, сенажу, м.
Падвяленая трава, звычайна прасаваная, якая зберагаецца ў спецыяльных сховішчах. У саўгасе актыўна назапашваюць кармы для жывёлы: рыхтуюць сянаж, сілас, вітамінную муку. «Звязда».
сяна́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сенажу. Сянажная вежа.
сянні́к, сенніка, м.
1. Матрац, набіты сенам ці саломай. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. На .. [нарах] ляжалі адзін каля аднаго сеннікі, напханыя саломай. Пальчэўскі.
2. Абл. Адрына. Да сянец хаты было прыбудавана нешта накшталт сенніка. Сабаленка.
сянны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да сена. Як толькі .. пачнуць прабівацца кволыя ранішнія прамяні, я выбіраюся з цёплага сяннога берлагу. Карамазаў. // Які зроблены з сена. Сянная пацяруха. Сянная мука. Сянны настой. // Прызначаны для сена. Сянны склад. Сянны прэс.
•••
Сянная ліхаманка — хвароба, якая праяўляецца цяжкім ліхаманкавым станам, узнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю ў час цвіцення раслін.
сярба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і сёрбаць. Мікола дачытаў да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу і пачаў сярбаць крупнік. Мележ.
сярдзі́та, прысл.
1. З гневам, злосцю. Стары .. сярдзіта зашыпеў на баб, разагнаў іх усіх у розныя бакі. Шамякін. Сярдзіта апусціўшыся на лаўку, дзядзька зноў разгарнуў газету. Каршукоў. // перан. Страшна, жахліва. Цісне хмара, хмара-цемра, Гром гудзе сярдзіта. Колас. Пад зарывам шастаў сярдзіта Галінамі чорнымі лес. Калачынскі.
2. перан. Разм. Моцна, балюча. Штосьці вострымі малаточкамі сярдзіта стукала па вісках. Якімовіч.
сярдзі́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сярдзітага; гнеў, злосць. Зноў [Лявон] пасыпаў люльку, а потым словы паліліся адно за другім раўчуком ціхім, часам у словах чулася скарга, сярдзітасць. Галавач.
сярдзі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны сердаваць, злавацца; злосны (пра чалавека). Маці ў .. [Івана] была сярдзітая, набожная жанчына. Машара. На маё дзіва, звычайна сярдзіты і строгі, бацька нават не накрычаў. Скрыган. Сярдзіты стораж выганяў нас з саду, З шырокай барадой, як памяло. Гаўрусёў. // Уласцівы такому чалавеку. Сярдзіты нораў. // Люты, злы (пра жывёл). У дзядзькі Антона надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Грамовіч.
2. Які сярдуе, злуецца на каго‑, што‑н., перажывае гнеў. [Аптэкар:] — Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Зарэцкі. Базыль дадому вярнуўся стомлены, сярдзіты. Бажко. [Кіру] пад локаць падтрымліваў Пракоп Свірын — нахмураны, нават сярдзіты. Карпаў. // Які мае гнеўны, злы выраз (пра вочы, твар і пад.). Поглядам сярдзітым, нездаволеным [жонка] абмерала [Базыля]. Нікановіч. // Прасякнуты, выкліканы гневам, злосцю. Сіваваронкі з сярдзітым краканнем кружылі над дуплістымі дзеравякамі. Колас.
3. перан. Разм. Моцны ў сваім праяўленні, люты (пра мароз, вецер і пад.). Сярдзітая нахлынула зіма. Танк.
4. Які моцна дзейнічае (пра віно, табаку, гарчыцу і пад.). Бацька .. перакуліў кілішак, крэкнуў і занюхаў мякішам хлеба. — Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара. Грахоўскі. // Залішне высокі, недаступны (пра цану). Сярдзітая цана.
5. Разм. Старанны, заўзяты. Хлопец страх сярдзіты да работы.
сярдзю́к, сердзюка, м.
На Украіне ў 17–18 стст. — казак пешых палкоў, якія былі на поўным утрыманні гетманскага ўрада; ахоўнік гетмана.
сяржа́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Званне малодшага каманднага саставу ў арміі і міліцыі. У дзяжурнай сядзеў незнаёмы хлопец з пагонамі старшага сяржанта і нешта запісваў у невялічкі блакнот. Паслядовіч. // Асоба, якая носіць такое званне. Байцы, сяржанты і афіцэры заставы баявога забеспячэння прыйшлі на выручку. Брыль.
[Фр. sergent.]