Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самапазна́нне, ‑я, н.

Пазнанне чалавекам, класам, грамадствам самога сябе, сваёй унутранай, гістарычнай сутнасці. Самапазнанне рабочага класа неразрыўна звязалі з поўнай выразнасцю .. ўяўленняў аб узаемаадносінах усіх класаў сучаснага грамадства. Ленін.

самапаі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Аўтаматычная паілка.

самапа́л, ‑а, м.

Старажытная гладкаствольная агнястрэльная зброя, якая зараджалася з дула. // Разм. Ружжо наогул. Брыду адранкам ля ракі, Збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка. Іду туды, дзе стаяў [Атрох], а ён ляжыш ніцма, носам у снег. І самапал яго воддал: ложа — сабе, а ствол — сабе. Ракітны. // Самаробная дзіцячая стрэльба ў выглядзе кароткага ствала, прымацаванага да ручкі. А на справе ім даводзілася абыходзіцца звычайнымі дзіцячымі самапаламі. Васілевіч. Але тады [у дзяцінстве] мяне больш вабілі не кнігі, а самаробныя самапалы ды буслянкі на стогадовых ясакарах і ліпах у былым панскім садзе. Аўрамчык.

самапа́льнік, ‑а, м.

У старажытнасці — воін, узброены самапалам.

самапа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самапала. Самапальны кнот.

самапа́с, ‑а і ‑у, м.

Разм.

1. ‑а. Той, хто выйшаў на свой хлеб, жыве самапасам. [Пракоп:] — Убачыш, як твой гэты самапас прыйдзе да цябе, як будзе прасіцца... будзе скарынцы хлеба рад. Баранавых.

2. ‑у. Самастойнае, без нагляду жыццё. [Бацька:] — Так, донька?.. Сама, значыць, ето... на самапас захацела?.. Кандрусевіч. [Дзядзька:] — Я вось падумаў... Ці выжыў бы чалавек, каб яго пусціць на такі самапас? Чыгрынаў.

самапа́сам, прысл.

Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.

самапаўтарэ́нне, ‑я, н.

Паўтарэнне чаго‑н. раней самім сказанага, зробленага. Імкненне пазбегнуць самапаўтарэння.

самапаўто́р, ‑у, м.

Тое, што і самапаўтарэнне. Самапаўторы прыводзяць не толькі да лагічных няўвязак, але і да цьмяных вобразаў, блытаніны. «Полымя».

самапацясне́нне, ‑я, н.

Добраахвотнае адмаўленне ад карыстання часткай жылой плошчы, у выніку чаго ствараецца магчымасць усялення дадатковых жыльцоў.