Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сяйво́, ‑а, н.

Абл. Тое, што сыплецца, сеецца адкуль‑н. З неба церушылася белае снегавое сяйво. // перан. Россып чаго‑н. У зеніце ледзь улоўным яшчэ для вока белаватым сяйвом вызначыўся Млечны шлях. Хадкевіч. Ты не забудзешся? Табе запомніцца На лісцях яблынь срэбнае сяйво? Гілевіч.

сяк, прысл.

У выразах: (і) так і сяк; ні так, ні сяк; то так, то сяк; ці так ці сяк гл. так.

сяка́ч ​1, секача, м.

1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.

2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.

сяка́ч ​2, секача, м.

1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.

2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.

сяке́ра, ‑ы, ж.

1. Прылада, якой сякуць і склюдуюць, у выглядзе насаджанага на тапарышча шырокага прадаўгаватага кліна з лязом з аднаго боку і абухом з другога. У рукі ўзяў сякеру паляшук. Ён размахнуўся раз, другі і трэці... Ад сілы гэтых працавітых рук з гары высокай дуб зваліўся з веццем. Дубоўка.

2. Прымітыўная выкапнёвая прылада з крэменю. Толькі на высокіх курганах яшчэ можна адшукаць астаткі ад таго жыцця, што некалі было тут: гэта крам[я]нёвая сякера, гэта бронзавы кінжал. Самуйлёнак. // Старажытная халодная зброя ў выглядзе такой прылады з доўгай ручкай. Паперадзе ішлі воіны з сякерамі.

сяке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш. да сякера; невялікая сякера. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас.

сяке́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сякеры.

сякі́ра, ‑ы, ж.

Гіст. Старажытная халодная зброя, якая нагадвала сякеру з лязом, падобным на маладзік.

сякі́-такі́, сякая-такая, сякое-такое; займ.

Разм.

1. неазначальны. Некаторы. [Каменшчыкаў:] — Дык пройдзем да мяне, у штаб, там сякія-такія запісы ёсць. Гурскі.

2. неазначальны. Які папала; нязначны, няважны. [Міцька:] — Ды што ў нас за зброя была — сякі-такі кулямёт ды вінтоўкі. Брыль. Узяўшы ў рукі клуначак з сякой-такой адзежай і ўбачыўшы яшчэ меншыя клункі ў руках апранутых у дарогу браціка і сястрычкі, .. [Стася] з плачам кінулася да бацькі. Лось.

3. азначальны. Ужываецца замест пераліку якіх‑н. ацэначных слоў, характарыстык (звычайна з адмоўным адценнем). Ідуць чырвоныя палкі, І чуваць напеў стары: — Эх, сякі-такі, Чорт вас пабяры!.. Босыя спаткалі іх: Гоман, жарты, крык... Чарот.

сяку́чы, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які адсякае, перасякае што‑н. Сякучая плоскасць.

2. у знач. наз. сяку́чая, ‑ай, ж. Прамая лінія, якая перасякае крывую ў двух ці болей пунктах.

сяк-та́к, прысл.

1. З вялікай цяжкасцю; ледзь-ледзь. Сяк-так [Сцяпан] сарваў з сябе кашулю і забінтаваў перабітую каля самага пляча руку. Гроднеў.

2. Ніштавата; памяркоўна. Зіма прайшла яшчэ сяк-так, ды вось цяпер, вясной,.. крыху ўтаймаваная туга па плугу і сявеньцы — паднялася [у Кандрата Яцука] зноў. Брыль.

3. у знач. вык. Цярпіма. Пакуль сцямнела, ісці было яшчэ сяк-так. Сіняўскі.