сябро́ўства, ‑а, н.
Адносіны паміж кім‑н., якія грунтуюцца на духоўнай блізкасці, агульнасці інтэрэсаў, узаемнай прыхільнасці і пад. Сяброўства з Вікай адкрыла .. [Лаўрыку] цэлы свет новых радасцей. Вітка.
сябру́к, ‑а, м.
Разм. Прыяцель, сябар; таварыш. Уладзік .. быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі [са] сваімі сябрукамі... Колас. Кранаўшчык, — відаць, вясёлы хлопец, — з вышыні сігналіць сябрукам: — Цэгла ёсць!.. А. Вольскі. А імёны для сыноў Мы абралі нашых Незабыўных сябрукоў. Зарыцкі.
сябры́на, ‑ы, ж.
Разм. Кола, асяроддзе сяброў. Папрыходзілі сваякі і сябрына ўся. Чорны. Пападваконню ўжо вісла ўся Акілініна сябрына, што выспеўвала з ёй на бярвенні да позняй ночы. Вітка. // Сяброўская бяседа, пачастунак. Сябрына скончылася позна. І калі разыходзіліся па сваіх хатах, кожны ціснуў мне руку, запрашаў у госці. Сачанка.
сява́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Тое, што і сявенька. Ралля падсохла, мяккай стала воўнай, Ужо час узяцца за сявалку. Купала.
сяве́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Лубянка для ручной сяўбы. Збожжа насыпалі ў лубяную каробку — сявеньку, вешалі гэтую сявеньку на шыю і выходзілі на загон сеяць. Якімовіч.
сяве́ц 1, сяўца, м.
Абл. Сейбіт. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.
сяве́ц 2, сяўца, м.
Невялікая птушка атрада сеўцападобных. Як пчаліны рой, ля[ця]ць шпакі, Іх над Нёманам сяўцамі клічуць. Астрэйка.
сяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Разм. Ісці, рухацца. У свет за многа-многа міль Сягаю я бязмежным крокам. Колас. / у перан. ужыв. І вось — рака!.. Як вар кіпучы, Бурліць, сягае паміж гор, То з гулам кідаецца з кручы... Усё — каб вырвацца ў прастор. Ставер. // перан. Даходзіць, дасягаць, імкліва накіроўвацца. Маленькія вочкі... [Марыніча] блукліва бегалі, але найбольш сягалі яны ў блакіт чыстага, неба, бо дзень сапраўды быў летні, заліты сонцам і цеплынёй. Сабаленка.
2. Прасцірацца, даходзіць да якой‑н. мяжы, узроўню і пад. Гэта вузенькі .. ручаёк пыльнай вуліцы, а паабапал яе шырокія, як зялёныя загоны, берагі травы, якія сягаюць аж пад самыя хаты, заходзяць у двары і правулкі. Сіпакоў. // перан. Пранікаць у глыбіню (пра час). Мастак [Сергіевіч] расхінуў завесу стагоддзяў, сягаў глыбей, да вытокаў вызваленчай барацьбы беларускіх працоўных. Ліс. Памяць сягае недзе да пятага года свайго жыцця, калі бацька мой служыў на чыгунцы. Пестрак. / Пра думкі, мары і пад. Думка сягае ў юнацкую даль: хвоі, азёры, каменне і сталь... Дубоўка.
сягды́-тагды́, прысл.
Тое, што і сяды-тады. Паміж шчырымі і трагічнымі нотамі пракідаліся сягды-тагды і ноткі звычайнай Стафанковічаўскай хітрай цікаўнасці. Чорны.
сягну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да сягаць.