сяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Ісці, рухацца. У свет за многа-многа міль Сягаю я бязмежным крокам. Колас. / у перан. ужыв. І вось — рака!.. Як вар кіпучы, Бурліць, сягае паміж гор, То з гулам кідаецца з кручы... Усё — каб вырвацца ў прастор. Ставер. // перан. Даходзіць, дасягаць, імкліва накіроўвацца. Маленькія вочкі... [Марыніча] блукліва бегалі, але найбольш сягалі яны ў блакіт чыстага, неба, бо дзень сапраўды быў летні, заліты сонцам і цеплынёй. Сабаленка.

2. Прасцірацца, даходзіць да якой‑н. мяжы, узроўню і пад. Гэта вузенькі .. ручаёк пыльнай вуліцы, а паабапал яе шырокія, як зялёныя загоны, берагі травы, якія сягаюць аж пад самыя хаты, заходзяць у двары і правулкі. Сіпакоў. // перан. Пранікаць у глыбіню (пра час). Мастак [Сергіевіч] расхінуў завесу стагоддзяў, сягаў глыбей, да вытокаў вызваленчай барацьбы беларускіх працоўных. Ліс. Памяць сягае недзе да пятага года свайго жыцця, калі бацька мой служыў на чыгунцы. Пестрак. / Пра думкі, мары і пад. Думка сягае ў юнацкую даль: хвоі, азёры, каменне і сталь... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)