заграза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загразнуць.
загра́злы, ‑ая, ‑ае.
Які засеў, завяз у гразі. Дождж сячэ ў палях загразлыя падводы. Танк.
загра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загра́з, ‑ла; зак.
Засесці, завязнуць у чым‑н. топкім, гразкім. Некалькі танкаў пры падыходзе да вышыні загразлі ў балоце. Мележ. Ногі бусла, калі ён сеў, загразлі па самае пер’е. Дуброўскі. // перан. Трапіўшы ў якое‑н. непрыемнае, цяжкае становішча, не знайсці сіл выбрацца з яго. Загразнуць у даўгах.
заграні́ца, ‑ы, ж.
Зарубежныя краіны. Свае гарады ўспаміналі з любоўю Салдаты, стаміўшыся ад заграніц. Панчанка. // Тэрыторыя па той бок дзяржаўнай мяжы. З таго берага рэчкі, з заграніцы, чуваць крыкі пеўняў. Бядуля.
заграні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да заграніцы; замежны, іншаземны. Загранічныя тавары. // Звязаны з паездкай за граніцу, са знаходжаннем за граніцай. Загранічнае падарожжа.
загрубе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які загрубеў, стаў цвёрдым, шурпатым, каляным. [Візма] заўважыла.., што ладзіўся сягоння бацька больш, старанна ваксаваў загрубелыя боты. Броўка. За сталом увіхаецца Ілья Рамановіч — раздае людзям у іх загрубелыя змёрзлыя рукі брашуры, кніжкі. Пестрак.
загрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цвёрдым, шурпатым, каляным. Настаўнік спыняе свой позірк на Юзікавай руцэ, якая паспела ўжо загрубець ад працы. Дуброўскі.
2. Разм. Стаць цяжарнай (пра жанчыну). Не ўсцераглася Марына, загрубела. Лобан.
загрува́сціць, ‑вашчу, ‑васціш, ‑васціць; зак., што.
Заставіць, заваліць чым‑н. у беспарадку. Загрувасціць калідор мэбляй. // перан. Перапоўніць чым‑н. другарадным. Загрувасціць даклад цытатамі.
загрува́шчанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць загрувашчанага.
загрува́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад загрувасціць.